Незвычайная знаходка ў царкве ў Глыбокім

carkvaПра надзвычай цікавую знаходку ў царкве Нараджэння Святой Багародзіцы ў Глыбокім расказаў краязнаўца Юрый Калбасіч. Падзелімся гэтай інфармацыяй з вамі. Будаўніцтва касцёла і кляштара кармелітаў босых у Глыбокім вялося ў сярэдзіне ХVII стагоддзя. Архіўныя крыніцы і інвентары касцёла ўзгадваюць той факт, што храм з самага пачатку меў мармуровую падлогу.

Сёння з упэўненасцю можна сцвярджаць, што матэрыял для падлогі Глыбоцкага кармеліцкага касцёла (сучасны будынак праваслаўнай царквы) завезлі са Швецыі. “Шведскі камень”, “шведскі мармур”, “lapis sueticus”, “шведская падлога” або “вазаўская падлога” – назва папулярнага і вельмі дарагога каменя, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI-XVIII стст. Трапіў ён са Скандынаўскага паўвострава, а менавіта – са Швецыі, адсюль і такая назва. У нас такі камень заказвалі ў асноўным магнаты, заможная шляхта і каталіцкія ордэны.  У шведскіх каменяломнях пароду калолі на квадратныя кавалкі ад 20 да 55 см (у залежнасці ад заказу) і паліравалі. Затым гатовы матэрыял дастаўлялі ў порт Гданьска, адкуль развозілі па ўсёй Еўропе. Гэтым каменем аздабляліся капліцы, касцёлы, надмагільныя пліты. Дарэчы, ім аздоблена падлога былых езуіцкага і бернардынскага касцёлаў у Гродна. Заказ на “шведскі мармур” зрабілі і кармеліты ў Глыбокім.

Камень, які мае асадкавае паходжанне і адносіцца да ардавікскага перыяду палеазойскай эры, утварыўся прыкладна 450 млн. гадоў таму назад. Важнай прыкметай пароды з’яўляецца прысутнасць палеазаалагічных акамянеласцяў, галоўным чынам галаваногіх малюскаў Ortoceras (ортацэрас) i Endoceras (эндацэрас). Гэтыя вымершыя малюскі мелі конусападобную выцягнутую ракавіну, даўжыня якой у асноўным не перавышала 30 см.

carkva1

Ракавіны марскіх жывёл, якія насялялі нашу планету мільёны гадоў таму назад

«Веснік Глыбоччыны»

для друку для друку