Незвычайная споведзь Яна Паўла II

У інтэрв’ю, якое Папа Францішак нядаўна даў для часопіса «Scarp de’tenis», ён успомніў адну выдатную гісторыю сустрэчы Яна Паўла II з бяздомным мужчынам.

Той бяздомны паляк у Рыме не размаўляў ні з кім, нават з валанцёрамі Карытас, якія прыносілі яму ежу. Толькі што пасля доўгага часу абмовіўся ім, што з’яўляецца святаром, і вучыўся ў семінарыі разам з Янам Паўлам II.

«Гэта дайшло да Папы, які, пачуўшы імя гэтага чалавека, пацвердзіў, што быў разам з ім у семінарыі, і вырашыў з ім сустрэцца. Яны моцна абняліся праз 40 гадоў, што мінулі, а ў завяршэнне аўдыенцыі бяздомны папрасіў Папу, каб яго паспавядаў», — распавёў Францішак.

«Пасля споведзі былы калега сказаў Яну Паўлу ІІ: «цяпер твая чарга». І калега з семінарыі паспавядаў Папу», — сказаў Францішак. Ён звярнуў увагу, што ўсё гэта адбылося дзякуючы валанцёру, гарачай ежы і словам суцяшэння. Бяздомны святар, дадаў Папа Францішак, змяніўся, вярнуўся да нармальнага жыцця і стаў капеланам у шпіталі.

«Папа яму, відавочна, дапамог, — гэта цуд, але таксама і прыклад таго, што бяздомныя людзі маюць вялікую годнасць», — падвёў вынік Святы Айцец.

Паводле deon.pl

для друку для друку