- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Неразуменне і абурэнне”. Віцебскія католікі звярнуліся да прэзідэнта Лукашэнкі

[1]

кс. Павел Кнурэк, Віцебск, 2018 год

Віцебскія вернікі-католікі просяць прэзідэнта паспрыяць у вырашэнні пытання аб вяртанні ў Беларусь ксяндза Паўла Кнурэка – пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек.

Віцебскія католікі звярнуліся да Лукашэнкі пасля таго, як атрымалі адмоўны адказ на свой зварот ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі. Чыноўнік у сваім лісце не патлумачыў нават прычыны адмовы.

“Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў мае права не паведамляць аб прычыне адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненні да святара, які амаль 20 гадоў прысвяціў служэнню на карысць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэнне. Калі такая прычына існуе, дык чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Бо на дварэ ўжо ХХI стагоддзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве”, – гаворыцца ў звароце да прэзідэнта.

Вернікі таксама выказваюць здагадку аб прадузятым стаўленні да пробашча віцебскай катэдры Паўла Кнурэка з боку апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. “І гэта тады, калі пытанні выхавання дзяцей і моладзі ў краіне стаяць вельмі востра”, – пішуць католікі.

“Уся дзейнасць айца Паўла Кнурэка была накіраваная на служэнне людзям, на аказанне дапамогі бедным, на падтрымку тых, хто трапіў у алкагольную залежнасць, на працу з моладдзю. Для ўсіх парафіян ён быў не толькі святаром, але найперш добрым клапатлівым айцом, які заўсёды выслухае і дапаможа парадай, не пакіне чалавека сам-насам з праблемамі”, – гаворыцца ў лісце.

“Ці католікі перасталі быць часткай народа?..”

“З улікам вышэйзгаданага рашэнне свецкай улады аб забароне рэлігійнай дзейнасці айцу Паўлу Кнурэку выклікае неразуменне і справядлівае абурэнне.

На наш погляд, адбываецца неабгрунтаванае ўмяшанне з боку дзяржавы ў справы Касцёла. Нам не хацелася б сумнявацца ў прыхільных адносінах Дзяржавы да Каталіцкага касцёла, пра якое заўсёды гаворыцца і падкрэсліваецца. Ці ў гэтых адносінах нешта змянілася і католікі перасталі быць часткай нашага народа?..” – запытваюцца вернікі.

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Павел Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 годо ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар амаль 17 год узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён). За гэты час арганізаваў у Лынтупах “Святліцу” – дом для дзённага знаходжання дзяцей з праблемных сем’яў, штогод ладзіў дзіцячы летнік “Канікулы з Богам”, а таксама адпраўляў дзяцей з бедных сем’яў на аздараўленне ў польскія санаторыі. Апроч таго, адкрыў у Лынтупах аддзяленне дабрачыннага фонду Caritas.

У Віцебску намаганнямі пробашча была адрамантаваная вежа касцёла Езуса Міласэрнага, адрамантаваны і адкрыты пакой для малітвы ў Віцебскай абласной лякарні, дзе пацыенты маглі сустрэцца са святаром тры разы на тыдзень.

Вернікі просяць Лукашэнку паспрыяць у вырашэнні пытання аб працягненні дазволу на служэнне ў Беларусі ксяндза Паўла Кнурэка.

“Мы верым у тое, што Вы не застаняцеся абыякавым да нашай патрэбы і што дзякуючы Вашай дапамозе айцец Павал Кнурэк зможа зноў працягнуць служэнне ў парафіі Езуса Міласэрнага ў горадзе Віцебску”, – выказваюць спадзяванні католікі.

Пад лістом да Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек.

Зміцер Мірашvitebskspring.org [2]