«Нельга марыць пра Неба без Езуса»: урачыстасць Усіх Святых у Глыбокім

glybokaje_1list_201 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і аддаюць пашану ўсім святым, якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.

На самым пачатку святочнай Эўхарыстыі ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс.пробашч Мікалай Ціхановіч павіншаваў усіх прысутных вернікаў з імянінамі: «Сёння наша свята, бо мы ўсе — Божыя дзеці. Памятайце пра гэта!»

Падчас гаміліі святар запытаўся ў прысутных: «Хто хоча быць святым? А хто хоча трапіць у Неба?» Колькасць адказаў адрознівалася, таму святар працягнуў: «Калі не будзеш святым, не трапіш у Неба. Нельга марыць пра Неба без Езуса!»

«Касцёл мае тры вымярэнні: пілігрымуючы (гэта ўсе мы, якія стаім адной нагой у дарозе да святасці); церпячы (душы, якія знаходзяцца ў чыстцу і якіх мы падтрымліваем сваімі малітвамі), трыўмфуючы (душы, якія цешацца хвалой Неба). Мы ўсе ствараем у Хрысце адну сям’ю — Касцёл. Не паддавайцеся няволі граху, жывіце свабодай Божай, будзьце паслядоўнікамі Бога! Недастаткова толькі вуснамі казаць, што ты хрысціянін, трэба сваімі ўчынкамі «прамаўляць»», — заклікаў кс. Мікалай.

У глыбоцкай парафіі, ужо па даўняй традыцыі, пасля ўрачыстай св. Імшы ўсе вернікі разам са святарамі і законнымі сёстрамі пайшлі працэсіяй на гарадскія могілкі. Падчас дарогі маліліся на ружанцы, дзе кожны мог успомніць сваіх родных памерлых і ахвяраваць за іх сваю малітву.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку