Некалькі слоў пра духоўную Камунію

article_793_23803«Хвала Хрысту! Раскажыце, калi ласка, пра духоўную святую камунiю».

Людміла

 На пытанне адказвае кс. Іван Кароткін, парафія Езуса Міласэрнага ў Віцебску:

 – “Бярыце і ешце, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана” (пар. Мц 26,26). Праз сваю бязмежную любоў Пан Езус назаўсёды застаўся сярод нас у Эўхарыстыі і прагне, каб кожны браў удзел у Яго Ахвяры і прымаў Яго як спажытак, які дае жыццё вечнае.

Аднак гэта не заўсёды магчыма. Прычынай могуць быць адсутнасць святара, вялікая адлегласць да касцёла, хвароба альбо ўнутраны стан душы. Выйсцем з падобных сітуацый з’яўляецца прыняцце духоўнай Камуніі.

Узнікненне практыкі духоўнай Камуніі звязана з фактам усталявання рэдкага прыняцця святой Камуніі пад выглядам Хлеба і Віна. У Сярэднявеччы паўстала традыцыя прыступаць да св. Камуніі толькі на Вялікдзень, чаму спрыяла пастанова IV Латэранскага Сабору. Ад Трыдэнскага сабору пачалі раіць прымаць духоўную Камунію, і найчасцей практыкавалася яна ў манаскіх супольнасцях, але не толькі.

Лічылася, што той, хто бачыў, той спажыў. Молячыся, вернікі прымалі св. Камунію – гэта адбывалася ў той момант, калі святар узносіў Гостыю ўгору, такім чынам паказваючы яе ўсім вернікам. Так нарадзілася практыка “духоўнай Камуніі”, якая паспяхова ўкаранялася ў Касцёле на працягу стагоддзяў і была рэкамендавана святымі настаўнікамі духоўнага жыцця.

Духоўная Камунія – гэта лучнасць чалавека з Езусам Эўхарыстычным, якая рэалізуецца праз прагненне прыняцця сакрамантальнай Камуніі. Адначасова гэтае прагненне грунтуецца на веры, ажыўленай праз любоў.

Галоўнымі элементамі духоўнай Камуніі з’яўляюцца:

  1. Моцнае прагненне, якое вынікае з жывой веры.
  2. Прагненне сакраманту Эўхарыстыі, які прыносіць збаўленне.
  3. Прагненне, якое вынікае з любові да Хрыста.
  4. Прагненне выразнае і свядомае.

Духоўная Камунія, арыентаваная на сакрамантальную Камунію, вядзе да яе і з ёю цесна злучаная. Плёны духоўнай Камуніі з’яўляюцца па сутнасці тымі самымі, што і ў сакрамантальнай Камуніі (эўхарыстычнай), г.зн. узрастанне асвячальнай ласкі, любові, чыстасці жыцця і еднасці з Хрыстом.

Прыняцце духоўнай Камуніі з’яўляецца вялікім рэлігійным шансам не толькі для тых людзей, якія па знешніх прычынах не могуць прыступаць да сакрамантальнай Камуніі, але таксама для тых католікаў, якія жывуць без касцельнага шлюбу, але шчыра перажываюць праз свае грахі і хочуць паяднацца з Хрыстом.

для друку для друку