Небаскроб? Небасяг? Хмарачос? Як лепш сказаць па-беларуску?

Сёння ў нашай мове назіраецца паралельнае ўжыванне як мінімум двух назоўнікаў для абазначэння вельмі высокага будынка, які можа дасягаць у вышыню нават некалькіх соцень метраў. Гэта тое, што па-англійску skyscraper ці па-нямецку Wolkenkratzer. А па-руску – небоскрёб. Менавіта калька з рускай мовы і трапіла ў савецкія часы ў нашы слоўнікі ды яшчэ раз-пораз і цяпер ужываецца ў беларускіх тэкстах. Але кожны, хто мае хаця б мінімальнае адчуванне прыгажосці беларускай мовы, разумее ўсю недарэчнасць падобнай сітуацыі. Гэта прыблізна тое самае, што казаць па-беларуску, напрыклад, настаяшчы, інцерэсны ці прыключэнія.

Як вядома, першым высокім будынкам падобнага кшталту прынята лічыць дзесяціпавярховы Home Insurance Building, пабудаваны ў Чыкага ў 1884-1885 гадах, над якім у 1891 годзе былі надбудаваныя яшчэ два паверхі. У 1890-ым годзе ў Нью-Ёрку быў узведзены яшчэ адзін “высотнік” – дваццаціпавярховы New York World Building. Але ніводзін з гэтых гмахаў, калі б быў узведзены ў ХХ стагоддзі, не мог бы ўжо прэтэндаваць на адпаведную назву. Гэта для тых часоў такія вышыні былі даволі значнымі, а ў ХХ стагоддзі тэхналогіі сталі іншымі.

У Беларусі фактычна няма “высотнікаў”, якія б мелі больш за сто метраў. Зразумела, мы не бяром у разлік пэўныя вежы рознага прызначэння. Але ў нашай мове актыўна выкарыстоўваецца назоўнік для абазначэння згаданага паняцця. І гэта слова хмарачос.

Хмарачос – метафарычнае ўтварэнне, якое абазначае вельмі высокі будынак. Настолькі высокі, што ён нібы “расчэсвае хмары”. Розныя перыядычныя выданні, не кажучы ўжо пра вуснае маўленне, рэгулярна выкарыстоўваюць на сваіх старонках дадзены назоўнік. Праілюструем гэта на прыкладах з розных крыніц апошніх некалькіх гадоў: Яшчэ ў 2006 годзе масквічы адхапілі “гуртам” некалькі прэстыжных тэрыторый у Мінску: “Мінск-сіці”, хмарачосы каля станцыі метро “Фрунзенская”… (Наша ніва, 20.10.10); У сталіцы ЗША забаронена будаваць дамы вышэйшыя за Капітолій, таму ў горадзе абсалютна няма хмарачосаў (Наша ніва, 6.04.11); На беразе Каспійскага мора ўлады Азербайджана плануюць пабудаваць новы горад, сімвалам якога стане хмарачос “Вежа Азербайджана”… Калі праект удасца рэалізаваць, гэта будзе самы высокі будынак свету, які абгоніць хмарачос у Дубаі на 200 метраў (Наша ніва, 7.11.12); ”Даўнтаўн” ад прыгарадаў можна адрозніць па канцэнтрацыі хмарачосаў (Новы час, 28.01.11); За офіс у першым беларускім хмарачосе трэба адаць больш за 100 тысяч долараў (Народная воля, 15.03.13); У Нью-Ёрку прайшоў традыцыйны забег на верхні паверх славутага хмарачоса Эмпайрстэйт-білдынг (Звязда, 3.02.11); Хмарачосы растуць у прамым сэнсе на вачах (Звязда, 1.10.15); Да 2116 года на сушы з’явяцца шматлікія супер-хмарачосы вышынёй у некалькі кіламетраў… Ужо праз адно стагоддзе на нашай планеце з’явяцца класічныя хмарачосы небывалых памераў, так званыя “негатыўныя хмарачосы”, якія сыходзяць не ўвышыню, а пад зямлю… (Звязда, 29.03.16); Будынак уласнай ганконгскай штаб-кватэры – футурыстычны хмарачос (Звязда, 23.02.17). Як бачна, розныя папулярныя перыядычныя выданні выкарыстоўваюць адметны беларускі назоўнік. Тут дарэчы будзе прыгадаць адпаведныя словы з іншых славянскіх моў: mrakodrap (у чэшскай і славацкай, дзе mrak – воблака), drapacz chmur (у польскай, дзе chmura – воблака, хмара), хмарочос (ва ўкраінскай), neboder (у харвацкай), облакодер (у сербскай) і г.д. Няцяжка ўбачыць, што ва ўсіх выпадках назоўнік утвораны на аснове метафарычнага спалучэння. І беларуская лексема выдатна ўпісваецца ў гэтую традыцыю.

Праўда, у пачатку ХХІ стагоддзя ў нашай мове ўжываўся ў падобным значэнні і іншы назоўнік – небасяг. Яго матывацыя таксама празрыстая, а характар словаўтварэння не пярэчыць лінгвістычным мовы. Праілюструем ужыванне названай лексемы ў публіцыстычных тэкстах: Напрыканцы будоўлі агульная вышыня небасяга будзе 133 метры… (Наша ніва,8.06.11); Да сённяшняга дня будаўніцтва хмарачосаў стрымлівалася папяровымі абмежаваннямі… У 2009 Мінархітэктуры і будаўніцтва дабілася прыняцця новых дакументаў, якія далі дарогу небасягам… Разынкай комплексу стане першы сапраўдны мінскі хмарачос – вежа ў 80 паверхаў (Наша ніва, 31.08.11). У апошнім выпадку абодва адметныя беларускія словы выкарыстаныя ў межах аднаго мікракантэксту, што дазваляе пашырыць сінанімічныя рэсурсы беларускай лексікі. Тым не менш на сённяшні дзень менавіта назоўнік хмарачос з’яўляецца асноўным, а апелятыў небасяг выступае як сінанімічнае паняцце і мае больш нізкую частотнасць выкарыстання ў штодзённай практыцы.

Такім чынам, у беларускай мове для абазначэння высокага будынка сёння варта ўжываць слова хмарачос (як варыянт – небасяг), але немэтазгодна выкарыстоўваць пазычанне з рускай мовы небаскроб. Гэта дазволіць пазбегнуць непажаданых асацыяцый з так званай “трасянкай” і будзе садзейнічаць павышэнню культуры ўласнага беларускага маўлення.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку