«Не бойцеся рабіць дабро!»: заклікаў святар у Глыбокім на Папялец

glybokaje_papialec0610 лютага 2016 года ў Папяльцовую сераду глыбоцкая парафіяльная святыня была напоўнена вернікамі, якія сабраліся, каб разам распачаць Вялікі пост.

Ва ўступным слове пробашч парафіі, кс. Мікалай Ціхановіч нагадаў вернікам, што Вялікі пост – гэта час абнаўлення жыцця і ўнутранай перамены. Таксама патлумачыў, што сам абрад пасыпання попелам не з’яўляецца магічным і попел не мае ніякай моцы; “гэта толькі знак таго, што мы створаныя з праху зямнога, але маем душу несмяротную. Святар прыпамінае, каб мы пакаяліся і пачалі верыць у Слова Бога. І самае важнае ў гэтым абрадзе – вашае сэрца, адчыніце яго, станьце ў пакоры перад Богам і скажыце: “Госпадзе, я хачу змяніцца, я хачу быць лепшым”. І тады Дух Святы, а не попел, будзе зыходзіць на вас і вас змяняць.”

Падчас гаміліі святар звярнуўся да прысутных парафіянаў з прамовай: “Няўжо свет у XXI стагоддзі так закамянеў і зацвярдзеў у сваіх сэрцах, што не прымае Божай Любові?! Каб змагацца з валадарствам шатана, які апанаваў сэрцы многіх людзей, нам патрэбна Божае прабачэнне. Д’ябал не верыць у прабачэнне, міласэрнасць і любоў. І людзі, які жывуць пад уладай д’ябла, не вераць тое, што сёння любоў і прабачэнне ўсё ж такі ёсць. І што гэты свет, які мы бачым, існуе толькі дзякуючы таму, што Бог нас любіць. Хто зразумее гэту таямніцу? Чалавек, які адкрывае сваё сэрца перад Госпадам і стаіць у праўдзе.

Езус дае нам інструкцыю сёння ў Евангеллі, як сапраўды трэба перажываць пост. Заўважце, як Гасподзь далікатна нам тлумачыць нашы асабістыя адносіны з Айцом. Вера ў Бога – гэта не проста рытуал, не проста рэлігійнасць і пабожнасць; гэта адносіны сына з Богам Айцом, дачкі з Богам Айцом. Калі молішся, то не паказвай гэта, але ўвайдзі ў сваё сэрца і сустрэнься ў Духу Святым з Айцом і маліся да Айца свайго, які ў таемнасці».

glybokaje_papialec01

Кс. Мікалай звярнуў увагу на тое, што ў нашай штодзённасці мы маем мала часу, каб засяродзіцца на малітве, хоць яго трэба заўсёды шукаць, і заклікаў вернікаў мець у сэрцы і думках вобраз Айца: «Думайце пра Бога выходзячы з дому, едучы ў аўтобусе, на працы, думайце пра Бога, які нас любіць! І вось нават той працэнт католікаў, якія сёння прысутныя ў касцёле, калі яны будуць перажываць пост так, як Езус нас вучыць, то вы ўявіце, колькі дабра мы ўнясём у наш горад. Як дабро пачне разыходзіцца і датыкаць сэрцы зімныя і абыякавыя. Паглядзіце, якая абыякавасць у людзей: мы не заўважаем простых рэчаў: муж не заўважае праблем сваёй жонкі, а жонка не заўважае, што муж уваходзіць у дэпрэсію і пачынае выпіваць, а толькі пачынае сварыцца з ім. Заўважце адзін аднаго, адчыніце сэрцы адзін для другога! Калі мы будзем дазваляць Богу нас любіць і нам прабачаць, то наша сям’я, асяроддзе і наш горад зменяцца. У Глыбокім ёсць шмат добрых людзей. Чаму мы баімся рабіць дабро і саромеемся рабіць дабро? Бо нам не хапае жывых адносін з Богам. Калі тваё сэрца напоўнена Духам Святым, то ты хочаш рабіць дабро і не можаш яго трымаць для сябе. Не бойцеся рабіць дабро!»

На заканчэнне гаміліі святар звярнуўся асабіста да мужчын і жанчын: «Мужчыны, не саромейцеся Езуса, аддавайце свае мужчынскія сэрцы, свае далоні і амбіцыі для Езуса, Ён зробіць з вас сапраўдных мужоў і бацькоў. Жанчыны, не саромейцеся міласэрнасці і далікатнасці, чысціні любові, не саромейцеся гэтых цнотаў хрысціянскіх, але дазваляйце, каб іншыя ў вас бачылі Бога праз вашыя добрыя словы, праз вашае “прабачаю”. Бог хоча збаўляць гэты абыякавы свет праз нас, людзей веруючых. Давайце дапаможам Госпаду збаўляць іншых праз нас.

Таму на Вялікі пост маем заданне: дазвольце Богу прабачаць нас, аддавайце Яму нашы грахі і праблемы, і самі прабачайце іншым.

Праз узаемнае прабачэнне вы заўважыце, што Вялікдзень у гэтым годзе будзе іншым. Толькі дазвольце Богу вас любіць!”

Пасля казання святары падыходзілі да людзей, каб пасыпаць галовы попелам са словамі “Кайцеся і верце ў Евангелле”.

glybokaje_papialec11

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку