Нe бойся цішыні

Часам можам заўважыць людзей, якія шукаюць самоты, пустыні, дзе няма ні радыё, ні музыкі, ні шуму. Яны не размаўляюць, не моляцца гучна, не чытаюць кніг або газет, не пішуць, не займаюцца нічым. Яны проста «заглыбляюцца ў сабе». Не каб аналізаваць, планаваць, а проста быць.

Яны хочуць «знайсці сябе» ў цішыні, дасягнуць пэўнага сінтэзу, інтэграцыі, яны хочуць зноў адкрыць сябе ў адзінстве думкі і волі, разумення і любові, якія выходзяць далёка за межы слоў, па за межы аналізу, нават за межы свядомасці. Яны хочуць маліцца не вуснамі, а маўчаннем сваіх сэрцаў, чымсьці, што пераўзыходзіць іх — самай асновай іх існавання. Што заахвочвае сучасных людзей заняцца гэтай практыкай? Ці з’яўляецца іх матывацыя чалавечай патрэбай у цішыні, рэфлексіі, ўнутраным пошукам? Ці жадаюць яны хоць крыху адпачыць ад актыўнасці і напружання сучаснага жыцця? Гэта, безумоўна, важныя прычыны — але для хрысціяніна матывы яшчэ глыбей, чым згаданыя вышэй.

Хрысціянін можа ўсвядоміць, што Бог заклікае яго перажыць цішыню, паразважаць, медытаваць і «слухаць Яго». Магчыма, мы занадта шмат размаўляем, занадта актыўныя ў нашым разуменні хрысціянскага жыцця. Наша служэнне Богу і Касцёлу заключаецца не толькі ў тым, каб гаварыць і дзейнічаць. Гэта таксама можа заключацца ў тым, каб быць  у цішыні — слухаць і чакаць. Магчыма, для нашай эпохі насілля і трывогі вельмі важна зноў адкрыць для сябе медытацыю — ціхую ўнутраную, якая аб’ядноўвае малітву і творчае хрысціянскае маўчанне.

Цішыня мае шмат вымярэнняў. Гэта можа быць пераасмысленне і ўцёкі, прысутнасць, усведамленне, адзінства і самаадкрыццё. Праз негатыўнае маўчанне мы прабуем душыць наш неспакой. Пазітыўнае маўчанне мае на ўвазе дысцыпліну выбару, мужнасць. Творчае маўчанне патрабуе веры. Калі мы сустракаемся тварам у твар з сабою у адзіноце, мы сустракаемся са шматлікімі пытаннямі пра каштоўнасць нашага існавання, нашай праўдзівасці ў паўсядзённым жыцці.

Ці даем мы сабе магчымасць дакрануцца да чагосьці больш глыбокага? Ці можам мы супрацьстаяць таму факту, што, магчыма, мы не зацікаўленыя ва ўсёй гэтай мітусні? Калі мы маўчым не толькі на працягу некалькіх хвілін, але на працягу гадзіны або некалькіх гадзін, мы можам адчуць неспакой. Але толькі ў цішыні мы можам прыйсці да згоды з унутраным «я». У цішыні мы можам прызнацца і ўстаць перад тварам прорвы паміж глыбінёй нашага існавання, і яго паверхняй.

Калі мы баімся цішыні, то гэта можа быць звязана з нашым недахопам надзеі на ўнутранае прымірэнне. Калі нам не хапае надзеі прымірыцца з самім сабой у нашай ўнутранай адзіноце і цішыні, то мы ніколі не зможам даведацца праўду пра сябе: мы заўсёды будзем уцякаць і ніколі не спынімся. І гэтыя ўцёкі ад самога сябе — як кажа швейцарскі філосаф Макс Пікард — «ўцёкі ад Бога». Дарэчы, Бог кажа глыбока ў нашым сумленні. Гэтая адмова слухаць Бога з’яўляецца частковым прызнаннем таго, што мы не хочам, каб Бог быў Богам, гэтак жа, як мы не хочам быць самімі сабой.

Калі мы жывем павярхоўна, тады мы адкрываем, што робім шмат рэчаў, якія на самой справе не хочам рабіць, што мы гаворым тое, што не хочам гаворыць, мы хочам таго, што нам на самой справе не патрэбна, што мы трацім сваю энергію на рэчы бессэнсоўныя. «Навошта вам наважваць срэбра за тое, што не ёсць хлебам, і заробак свой за тое, што не насычае?» (Іс 55, 2).

Галоўная задача злога – не дапусціць нас да глыбокай сустрэчы з нашым сапраўдным унутраным «я» і з сапраўдным Богам. Менавіта таму цішыня і маўчанне важныя ў жыцці веры,  а таксама ў нашай глыбокай сустрэчы з Богам. Мы не можам пастаянна размаўляць, голасна маліцца, разважаць, або фонам слухаць пабожную музыку. Чыстая вера павінна быць выпрабавана ў цішыні, у якой мы пачуем нечаканае, у якой мы адкрытыя для таго, чаго мы яшчэ не ведаем, і ў якой мы павольна і паступова рыхтуемся да дня нашага ўваходу на іншы ўзровень жыцця з Богам. Праўдзівая надзея працуе ў цішыні, у якой мы павінны чакаць Госпада ў паслухмянасці і даверы. Ісая успамінае словы Яхвэ, адрасаваныя Яго непаслухмяным людзям, якія ўсё яшчэ пакідаюць Яго, уступаюць у бескарысныя палітычныя і ваенныя саюзы: «бо так кажа Гасподзь Бог, Святы Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяванні і моцнасць вашая» (Іс 30:15). Вера патрабуе інтэграцыі ва ўнутраным даверы. Мы бачым тут творчую сілу і ўрадлівасць маўчання. Цішыня дазваляе нам сабраць растрачанныя і рассеяныя сілы нашага распыленага існавання. Гэта дапамагае нам засяродзіцца на мэце, якая адказвае не толькі глыбокім жаданням нашай істоты, але і намерам Бога ў адносінах да нас.

c. Ганна Мізавец SJEwaladarka.by
для друку для друку