Названы лаўрэат каталіцкай прэміі на Венецыянскім кінафестывалі

Рэжысёр Пупі Аваці (у цэнтры)

Джузэпэ Аваці, больш вядомы як Пупі Аваці, стаў лаўрэатам Прэміі імя Рабэра Брэсона. Яна будзе ўручана італьянскаму рэжысёру 9 верасня 2020 г., у рамках 77-га Міжнароднага Венецыянскага кінафестывалю.

Штогод Прэмію ўручаюць Фонд Ente dello Spettacolo і кінематаграфічны часопіс Rivista del Cinematografo, пад патранажам Папскай Рады па культуры і Дыкастэрыі па камунікацыі.

За больш чым 50-гадовую кар’еру лаўрэат выступіў як рэжысёр у самых розных жанрах – ад сямейнай камедыі, да гістарычнай драмы і аўтабіяграфіі.

“Фільмаграфія Пупі Аваці – гэта невычэрпная праца па візуальным выхаванні, здольная перамяняць рэчаіснасць, абнаўляць яе”, — гаворыцца ў паведамленні Фонду Ente dello Spettacolo.

Заснаваная ў 2000 г., Прэмія імя Рабэра Брэсона – гэта прызнанне кінематаграфічнай працы рэжысёра, які ў сваіх фільмах аналізуе найбольш аўтэнтычныя вымярэнні чалавека, вывучае духоўнасць, шукае сэнс жыцця.

У мінулыя гады ўзнагарода ўручалася, між іншым, Джузэпэ Торнаторэ, Маноэлю дэ Алівейра, Тэа Андгелопуласу, Віму Вэндэрсу, Аляксандру Сакураву, братам Жану-П’еру і Люку Дардэнам.

Фонд Ente dello Spettacolo дзейнічае пры італьянскай біскупскай канферэнцыі. Гэта творчая структура, якая з 1946 г. удзельнічае ў распаўсюджванні, прасоўванні і пашырэнні кінематаграфічнай культуры ў Італіі і за яе межамі. Фонд выдае кінематаграфічны часопіс Rivista del Cinematografo, найстарэйшае італьянскае выданне кінакрытыкі, і з’яўляецца пастаянным культурным партнёрам на Венецыянскім кінафестывалі.

Форум пройдзе сёлета з 2 па 12 верасня і стане першай буйной міжнароднай кінападзеяй пасля крызісу, звязанага з пандэміяй каронавіруса.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку