Навяртанне да цуду

men-healthФізічная актыўнасць, дыетычныя абмежаванні і станоўчы стан псіхаэмацыйнай (духоўнай) сферы –  гэта тыя кiты, на якiх умацоўваецца здароўе. Навука даволі марудна ішла да сцвярджэння відавочнага (тым не менш, многія і сёння адмаўляюцца гэтаму верыць, адразу хапаюцца за цудадзейныя хімічныя сродкі).

Калі падумаць, то фізічныя практыкаванні – гэта тая ж праца і фізічная актыўнасць, якую чалавек павінен рабіць штодня. Калі ж фізічнай працы не хапае, то трэба прабегчы, праплысці ці пакруціць педалі. Для асобаў сталага веку неабходным фізічным практыкаваннем можа быць наведванне ўнукаў ці дарога да касцёла і ўдзел у Святой Імшы. Дыетычныя абмежаванні – тая самая практыка пастоў, разгрузачныя дні – хрысціянскія посныя серада і пятніца. Будзе лішнім верніку апавядаць пра значнасць духоўнага стану ці пра аздараўляльны эфект добразычлівага клімату ў сям’і ці на працы.

Цуды, якія трэба рабіць самому

Пра важнасць гэтых прынцыпаў вернік ведае сам, аднак ён часам не гатовы зрабіць самы істотны крок у кірунку да сабе. Ён верыць у цуды, але сам не гатовы іх здзейсніць, зусім не падрыхтаваны, каб рабіць іх свядома, прынамсі, у дачыненні да свайго арганізма.

Ёсць розныя цуды: некаторыя з іх нябачныя, а некторыя ўспрымаюцца цалкам натуральна. Напрыклад, звычайны цуд: лекары не знаходзяць ніякай хваробы ў маладога неўротыка, калі ў яго “ўсё баліць”, тады ён ад злосці на дурных дактароў пачынае бегаць па 10 кіламетраў, і за некалькі тыдняў усе “цяжкія” хваробы праходзяць. Іншы цуд: з нейкаю пухлінаю на руцэ, каб хутчэй памерці, чалавек голы пачынае хадзіць па марозе, у выніку – яго пухліна кудысьці знікае. Нехта выпрацоўвае індывідуальную тэхніку дыхання і пераадольвае хранічнае захворванне лёгкіх з дапамогаю простага слоіка. Ну а іншы купляе самую модную французскую таблетку і … чакае цуду.

Гаворка не пра тыя цуды, у якія трэба верыць, а пра тыя, што трэба рабіць. Гэта тычыцца не толькі экстрэмальных выпрабаванняў, якія часам падкідвае жыццё, а звычайных штодзённых паводзін.

Да гэта ж разраду цудаў можна далучыць вынікі навуковых назіранняў пра тое, што асобы, якія займаюцца альтруістычнай працай, у сярэднім жывуць даўжэй, чым іх аднагодкі, засяроджаныя на сабе; высновы пра станоўчы ўплыў на працягласць жыцця спеваў у касцельным хоры ці дабрачыннай працы. Колькасць падобных навуковых прац стала расце.

Аматарам пігулак было б не лішнім ведаць, што пры большасці хранічных захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы адпаведна падабраны рэжым фізічнай актыўнасці (часта на мяжы індывідуальных фізіялагічных магчымасцяў) па сваім лячэбным эфекце нічым не саступае хімічным лекавым сродкам, а па прафілактычнай значнасці застаецца па-за канкурэнцыяй. Інфармацыя пра гэтыя і іншыя працы выкладзена ў пошукавай медычнай базе MEDLINE.

Хто ж не хоча корпацца ў англамоўных крыніцах, можа звярнуцца да класічнай працы Поля Брэгга “Цуд галадання” і да прац духоўнага прамоўтара гэтага метаду ў Беларусі ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Варта пазнаёміцца з кнігамі, якія з’яўляюцца шчырымі заклікамі да самастойнай працы па мацаванні ўласнага здароўя. Па сутнасці гэта заклік-маніфест да самастойнага здзяйснення цуду.

 Лячэбнае галаданне

Не ўстрымаюся і дам некалькі парадаў па лячэбным галаданні. Гэты цуд можа тварыць амаль кожны ва ўзросце ад 35 да 65 гадоў. Узроставыя межы вызначаныя з тым разлікам, што ў маладосці большую ролю адыгрываюць фізічная актыўнасць і здаровы стыль жыцця, а ў сталасці – парады лекараў і прафілактычныя мерапрыемствы. У сярэднім узросце чалавек часцей спазнае свае слабыя месцы, аб чым арганізм дае адпаведныя сігналы. Найперш трэба набыць элементарныя веды (сярод беларускіх аўтараў – Вайтовіч Г.А., Шумілаў Н.В.).

Безумоўна, у шэрагу выпадкаў неабходна параіцца з адмыслоўцам, які практыкуе гэты метад, прынамсі, так будзе лягчэй псіхалагічна. І пачынаць варта не з працяглага курса галадання, а з разгрузачных дзён, напрыклад, па пятніцах. Калі аднаго поснага дня на тыдзень не хапіла, то падчас посту можна пагаладаць на вадзе адразу 3 дні (або зрабіць некалькі такіх заходаў – “шчыры пост”). Галаданне да 3 дзён звычайна не патрабуе кантролю лекара, і яго кожны можа практыкаваць у хатніх умовах. Гэта праца, часам нялёгкая, яна патрабуе пэўнага настрою, высілкаў і першасных ведаў. Варта звярнуць увагу на асабістыя прычыны выкарыстання метаду і на правілы выхаду з галадання. Трэба памятаць, што ўсе мы ў фізіялагічным плане розныя, таму нават самы ўніверсальны спосаб лячэння або прафілактыкі застаецца  індывідуальным паводле формы выканання.

Сакрэты вернікаў

У вернікаў застаюцца свае сакрэты, якія не тлумачыць сучасная навука. Сярод іх той, што намаганні да здароўя не павінны ператварыцца ў мэту існавання чалавека. Сам стан здароўя, як і яго захаванне, не можа быць “жыццёвай дамінантай”, хутчэй, здароўе павінна разглядацца ў якасці сродку рэалізацыі гэтай дамінанты. Матывацыя да здароўя (як і да самога жыцця) павінна з’яўляцца вырабам духоўнай сферы. Фізічнае здароўе – каштоўнасць другаснага парадку. Парадаксальна, але калі яна падносіцца як першасная, то паскорана траціцца.

Альтэрнатывы гэтаму меркаванню няма, бо ў любым іншым выпадку матывацыя да выканання практык, якія  захоўваюць здароўе, не можа быць дастаткова моцнай, устойлівай і працяглай, а праявы гіпертрафаванага клопату пра ўласнае здароўе часцей выглядаюць  камічна: “… а ён так клапаціўся пра сваё здароўе, так шмат правяраўся ў платных цэнтрах…”. Клопат пра здароўе не павінен быць празмерным, ненатуральным, не павінен ператварацца ў нейкі асобны культ цела: “не думайце аб сабе больш, чым трэба думаць, але думайце мудра, як Бог кожнага мерай веры надзяліў” (Рым. 12:3).

Усе мы павінны шукаць спосаб дабіцца гармоніі са сваім целам, сумленна працаваць на карысць здароўя. Аднак той, хто не можа знайсці гармоніі са сваім духам, не дасягае душэйнага супакую і немінуча наступіць “на камень спатыкнення”.

У заключэнне адзначым, што дарогу да свайго здароўя, як і дарогу да вышыні сваёй веры, чалавек павінен адолець сам. І на гэтым шляху трэба імкнуцца да здзяйснення добрых справаў і малых цудаў – трэба збіраць тыя каменьчыкі, з якіх складаецца вялікі цуд самога жыцця.

 Сяргей Кандрычын, урач-кардыёлаг, PhD сацыялогіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі