«Навучыце дзяцей чытаць, маліцца і працаваць!»: Першая Камунія ў Глыбокім

59 хлопчыкаў і дзяўчынак з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім 28 мая 2017 года ўпершыню прынялі да сваіх сэрцаў Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Два гады падрыхтоўкі папярэднічалі вельмі важнаму моманту ў жыцці маленькіх вернікаў.

У суботу дзеці прыступілі да сваёй першай споведзі, падчас якой прызналіся ў сваіх грахах і правінах, каб з чыстым сэрцам прыняць Хрыста на наступны дзень. А бацькоў чакаў час упрыгожвання і падрыхтоўкі святыні да ўрачыстасці.

У нядзелю парафіяне і госці свята пачалі збірацца за гадзіну да ўрачыстай Эўхарыстыі. На вуліцы дзеці разам з бацькамі чакалі на святара. Пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч прывітаўшы прысутных, заклікаў асаблівым чынам маліцца за гэтых дзяцей, каб яны змаглі перажыць сапраўды момант сустрэчы з Хрыстом і трывалі даўжэй у святасці. Затым адбылося бацькоўскае бласлаўленне дзяцей і ўрачыстай працэсіяй пад спеў моладзевага хору дзеці ўвайшлі ў храм.

На пачатку гаміліі прамова была скіравана да дзяцей. Кс. Мікалай узгадаў дзяцінства Езуса на зямлі. “Падчас хросту, калі бацькі прынеслі вас у святыню, яны таксама ахвяравалі вас Богу і вы сталі Божымі дзецьмі. Кожны з вас павінен браць за ўзор Езуса, які быў ва ўсім паслухмяным сваім зямным бацькам.”

Таксама святар звярнуўся і да бацькоў І-камунійных дзяцей: “Бог даверыў сваіх дзяцей вам, каб выконвалі абавязкі мамы і таты, і выхоўвалі іх як дзяцей Божых, а пасля будзеце адказваць на Судным дні перад Айцом Нябесным”.

“Кожны бацька, у часы Езуса, павінен быў навучыць дзяцей тром справам: чытаць, маліцца і працаваць. Ці вучыце вы сваіх дзяцей чытаць? І што чытаць? Не гаджэты, планшэты, інтэрнэты і розныя газеты, а Закон Божы. Святы Юзаф браў маленькага Езуса, які быў Богам, на калені і чытаў яму Закон Божы. Таты, навучыце сваіх дзяцей чытаць Слова Божае! Гэта першае заданне, якое павінны выканаць.

Святы Юзаф быў прыкладам малітвы і працавітасці для Езуса. Хто, як не тата, павінен браць сваіх сыноў і дачок, разам ісці ў касцёл, маліцца на каленях дома, а таксама вучыць выконваць працу і абавязкі.

Хачу пажадаць нашым бацькам, каб вучылі дзяцей чытаць Закон Божы і жыць паводле яго, маліцца і працаваць. І тады ваша старасць будзе шчаслівай”, — такімі словамі скончыў прамову святар.

Пасля гаміліі, адбылося вызнанне веры з запаленымі свечкамі ў руках. Малітва вернікаў, працэсія з дарамі, Эўхарыстычная малітва, і вось наступіў доўгачаканы момант для саміх дзяцей, але таксама для бацькоў і хросных – Святая Камунія.

На заканчэнне святочнай Імшы дзеці заплюшчылі вочы і разам з кс. Мікалаем маліліся за сваіх бацькоў. Пасля прагучалі словы ўдзячнасці ад дзяцей і бацькоў Усемагутнаму Богу, святарам і сёстрам законным за дапамогу, падрыхтоўку, малітву і правядзенне ўрачыстасці.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку