«Навучыце дзяцей ад маленства добра рабіць знак крыжа»: Папа Францішак пра ўступныя абрады Эўхарыстыі

Неабходна ведаць значэнне святых знакаў эўхарыстычнай цэлебрацыі, каб поўнасцю ўдзельнічаць у св. Імшы і атрымліваць асалоду ад яе прыгажосці, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 снежня 2017 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Катэхезу ён прысвяціў ўступным абрадам Эўхарыстыі.

Папа нагадаў, што яна складаецца з дзвюх частак: Літургіі слова і Эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаны паміж сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне. Мэта ўступных абрадаў заключаецца ў тым, “каб вернікі, збіраючыся разам, утварылі еднасць і падрыхтаваліся да належнага слухання Божага слова і да годнай цэлебрацыі Эўхарыстыі”, дадаў ён.

“Гэта нядобрая звычка – глядзець на гадзіннік і казаць: “я не паспяваю, але прыйду пасля казання, і такім чынам выканаю прадпісанне”. Такі разлік недапушчальны! Св. Імша пачынаецца знакам крыжа, уступнымі абрадамі, бо з імі мы пачынаем аддаваць пашану Богу як супольнасць. Таму важна паклапаціцца пра тое, каб не спазняцца. Больш за тое: трэба прыйсці загадзя, каб падрыхтаваць сэрца да гэтага абраду, да гэтай цэлебрацыі супольнасці”, — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што пад спеў на ўваход, святар разам са службай алтара ў працэсіі прыходзіць да прэзбітэрыя, вітае алтар нізкім паклонам, на знак пашаны цалуе яго і акаджвае. Гэтыя жэсты, якія рызыкуюць застацца незаўважанымі, вельмі важныя, бо ад самага пачатку паказваюць, што св. Імша – гэта сустрэча ў любові з Хрыстом, Які, ахвяруючы сваё цела на крыжы, становіцца алтаром, ахвярай і святаром.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць пабожнага выканання знаку крыжа. “Вы бачылі як робяць знак крыжа дзеці? – Не ведаючы, што чыняць, яны робяць нешта, што не з’яўляецца знакам крыжа. Калі ласка, маці і бацькі, бабулі і дзядулі, навучыце дзяцей, ад самага пачатку – ад маленства – добра рабіць знак крыжа. Патлумачце, што азначае, мець у якасці абароны крыж Езуса. І св. Імша пачынаецца знакам крыжа”, — заўважыў Папа.

Затым ідзе літургічнае прывітанне, падчас якога святар кажа: “Пан з вамі”, а супольнасць адказвае: “І з духам тваім”. У святарскім “прывітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла”, працытаваў Пантыфік Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала.

Гэта “малітоўная сімфонія” ўяўляе сабой вельмі кранаючы момант, асабліва, калі святар заклікае да чыну пакаяння. “Гаворка не ідзе пра тое, каб падумаць толькі пра ўчыненыя грахі, але і пра нешта нашмат большае: гэта заклік да прызнання сябе грэшнікам перад Богам і супольнасцю, перад братамі, з пакорай і шчырасцю, як мытнік у святыні. Калі Эўхарыстыя здзяйсняе ў часе пасхальную таямніцу, што значыць пераход Хрыста ад смерці да жыцця, тады першае, што мы павінны зрабіць – гэта прызнаць, якімі з’яўляюцца нашы сітуацыі смерці, каб мець магчымасць уваскрэснуць з Ім да новага жыцця. Гэта нам дапамагае зразумець наколькі важны чын пакаяння”, — сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння, углядаючыся ў прыклад веры і любові Марыі і наследуючы цноты Святой Сям’і.

Ватыканскае радыё

для друку для друку