Навошта ўвогуле чытаць Святое Пісанне?

bibleКалі мы размаўляем пра розныя рэлігіі, чытаем пра іх артыкулы, то звычайна вылучаем асноўныя элементы гэтых сістэм вераванняў. Пры гэтым мы кажам таксама, што тая ці іншая рэлігія мае сваю святую кнігу або свае асноўныя кнігі.

Святой кнігай для нас, хрысціян, з’яўляецца Біблія. Кніга гэтая няпростая, а часам яна выдаецца дзіўнай. Месцаў, якія могуць выдавацца нам недарэчнымі, у Бібліі мноства. Можа, прасцей закрыць назаўсёды кнігу, якую мы не можам зразумець? Навошта ўвогуле чытаць Святое Пісанне?

Усё адно кожны раз на святой Імшы мы чуем выбраныя з яго фрагменты. Аднак ці сапраўды я чую словы, якія былі раней агучаныя не адзін раз?

Коратка можна сказаць, што Біблія — гэта напісаная людзьмі кніга, а людзі гэтыя былі натхнёныя Богам. “У Святым Пісанні Бог гаворыць праз людзей і па-чалавечы” — такое навучанне касцёла. Праз Біблію Бог вучыць нас размаўляць з Ім, вучыць нас, хто Ён такі. Біблія стваралася многія стагоддзі, на розных мовах яна запісвалася рознымі людзьмі, якія жылі ў розных гістарычных абставінах, па-рознаму думалі і выказвалі свае думкі, выкарыстоўвалі розныя літаратурныя жанры.

Менавіта таму яна можа ўспрымацца кнігай, у якой адсутнічаюць адналітасць і адзінства. Біблія дае нам адказ на пытанне, што значыць быць веруючым чалавекам. Быць веруючым не азначае прыняцця без вагання ўсіх праўдаў хрысціянскай веры, але быць веруючым азначае прыняць, што немагчымае можа здарыцца. Бог з’яўляецца гаспадаром немагчымых рэчаў.

“У Бога ўсё магчыма”, — чытаем мы ў Евангеллі. Часам невыканальным можа здавацца якраз тое, аб чым мы найбольш марым, чаго найбольш прагнем. Паспрабуем пазнаць волю Бога на старонках Бібліі, на старонках нашага жыцця. Мы запрошаны быць “здольнымі прыносіць Богу нашы цяжкасці, страхі, пакуты ў пэўных сітуацыях, днях, штодзённых заданнях, быць хрысціянамі нават перад абліччам зла, якое бачым вакол нас, бо Бог дае надзею, пачуццё сваёй блізкасці, дорыць крыху святла на жыццёвых шляхах”, як навучае Папа Рымскі.

Чалавек можа мець вялікую бібліятэку, але якая карысць з таго, што вялікая колькасць кніг пакрываецца пылам? Няхай Святое Пісанне не знойдзецца ў такім шэрагу неўжываных кніг.

кс. Кірыл Бардонаў, sb.by 

для друку для друку