Навошта святар дадае ваду ў віно?

cruets “Навошта святар дадае ваду ў віно?” Іра

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Пасля заканчэння Літургіі слова – першай часткі святой Імшы – наступае Эўхарыстычная Літургія, якая пачынаецца з так званай падрыхтоўкі ахвярных дароў. Падчас гэтай падрыхтоўкі святар або дыякан дадае кроплю вады да віна, што налітае ў келіх. Пры гэтым ціха прамаўляюцца словы: “Праз таямніцу гэтай вады і віна дай нам, Божа, удзел у бостве Хрыста, які прыняў нашую чалавечую натуру”.

Гэтае дзеянне мае багатую сімволіку. Адны бачаць у ім успамін цуда ў Кане Галілейскай, калі на вяселлі Езус перамяніў ваду ў віно. Некаторыя падкрэсліваюць: паколькі віна ў келіху нашмат больш чым вады, а вада ў віне становіцца незаўважнай, то гэта нагадвае нам ахвяру Хрыста, якая непараўнальная з нашымі чалавечымі ахвярамі.

Урэшце, тыя словы, якія прамаўляюцца падчас змешвання вады і віна, адсылаюць нас да тлумачэння гэтага дзеяння яшчэ святым Кіпрыянам, каторы памёр у 258 годзе. Для гэтага біскупа “вада азначае народ, а віно – Кроў Хрыста (…), як у келіху віно і вада змешаныя, так і народ становіцца адным цэлым з Хрыстом”. Такім чынам, ахвяра Хрыста, якая складаецца падчас Імшы, становіцца ахвярай усіх вернікаў Касцёла.

Усходняя хрысціянская традыцыя звяртае ўвагу на сувязь гэтага літургічнага дзеяння з прабітым бокам Хрыста, з якога пралілася кроў і вада. Пра гэта ўзгадваў таксама Трыдэнцкі сабор.

Некаторыя дзеянні, якія адбываюцца падчас Імшы, раней мелі чыста практычнае значэнне, а ўжо потым яны атрымалі сімвалічнае тлумачэнне. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў старажытнасці ў штодзённым жыцці было агульнапрынятым, п’ючы віно, дадаваць у яго ваду. Тое самае магло адбыцца падчас Апошняй вячэры.

для друку для друку