Навошта нам патрэбны духоўны кіраўнік?

SpowiedzНеабходнасць духоўнага кіраўніцтва вынікае з чалавечай натуры. Ніхто не можа быць аб’ектыўным суддзёй адносна сваёй справы. Сталае карыстанне кіраўніцтвам – асабліва прыдатны сродак для самаадрачэння і адмаўлення ад неўпарадкаванага самалюбства.

Вопыт падказвае, што многія людзі без кіраўніцтва губляюцца ў духоўным жыцці. Сустракаючы шматлікія цяжкасці, яны хутка пераконваюцца ў тым, што імкнуцца наперад “уласнымі сіламі” – нялёгкая справа. Св. Францішак Сальскі і св. Альфонс Лігуоры акцэнтуюць неабходнасць кіраўніцтва для свецкіх асоб, якія вядуць духоўнае жыццё, таму што “душа без кіраўніка – як лодка без шкіпера”.

Духоўны кіраўнік з’яўляецца сведкам таго, што адбываецца паміж Богам і чалавекам. Дапамагае ўбачыць і рэалізаваць патрабаванні Хрыста. Праз яго кіруе сам Дух Святы.

У працэсе духоўнага кіраўніцтва галоўная асоба – Бог, затым – выхаванец, і толькі на трэцім месцы – духоўны кіраўнік. Можна пералічыць некалькі спецыфічных задач сталага спаведніка і духоўнага кіраўніка. Ён спадарожнічае пэнітэнту на шляху навяртання, у працы над сабой, малітве, разуменні таго, як Бог хоча ўнутрана ачысціць яго на шляху духоўнага жыцця. Можа дапамагчы выпрацаваць рэгулярнасць споведзі, навучыць рабіць рахунак сумлення і спавядацца, раіць, як пераадольваць розныя духоўныя і маральныя цяжкасці.

Дык як жа знайсці і выбраць святара для сталага кіраўніцтва? Самы просты спосаб – выкарыстаць вопыт папярэдніх споведзей у розных святароў. Звычайна з гэтага кола можна зрабіць добры выбар.

Важна, каб матывацыя выбару сталага спаведніка мела духоўны характар, а не вынікала толькі з пачуццёвай прыхільнасці да святара. Трэба, каб гэтае рашэнне на шляху веры было злучана з паставай шчырасці і адкрытасці, пакорнасці і даверу да выбранага святара. Неабходна таксама практываць рэгулярную асабістую малітву і быць гатовым прыняць складанасць духоўнага жыцця і працы над сабой. Калі ўсё адпавядае, можна прасіць святара аб сталай паслузе ў сакраманце пакаяння і паяднання. Гэта можна зрабіць падчас споведзі ў яго. Калі святар згадзіцца выконваць паслугу сталага спаведніка, варта дамовіцца з ім на генеральную споведзь з усяго жыцця альбо на размову па-за споведдзю (таксама цалкам таемную), каб больш расказаць яму пра сябе, асабліва аб сваім духоўным стане, галоўных слабасцях і праблемах.

Асобныя справы і спосаб споведзі пэнітэнт ужо ўзгадняе са сваім выбраным духоўным кіраўніком.

«Слова Жыцця»

для друку для друку