Навошта Касцёлу багацце і раскоша?

niemcyЕзус нарадзіўся ў беднасці і ўсё жыццё пражыў у беднасці. Як жа атрымалася, што год за годам Касцёл назапасіў велізарныя багацці, якія, дарэчы, вельмі і вельмі прыкметныя ў строях Папы Рымскага? Няўжо не сказаў Езус не збіраць сабе скарбаў на зямлі, дзе іх нішчаць «моль і ржа»?

Пачнем з заўвагі пра вопратку Папы. Гаворка ідзе, вядома, пра святарскія адзенні, якія ён апранае для Святой Літургіі і іншых набажэнстваў. Наўрад ці, кажучы аб уборах, Вы мелі на ўвазе яго паўсядзённую белую сутану. Езус таксама насіў доўгую туніку без швоў. І, безумоўна, гэта была прыстойная і годная вопратка.

Так, Езус нарадзіўся бедным, Ён абраў беднасць і палюбіў бедных. Але Ён не казаў разбурыць Ерузалімскі Храм — за яго празмерную раскошу. А вось тых, хто ператварыў дом малітвы на «дом разбойнікаў», ён з Храма выгнаў. Назіраючы за гэтым, вучні ўспомнілі словы са Святога Пісання: «Рэўнасць па Доме Тваім распаляюць Мяне» (Ян. 2, 17).

У Апакаліпсісе можна прачытаць з якой матэрыі зроблены Нябесны Ерузалім. Зразумела, гэта толькі вобразнае апісанне, бо Нябёсы нематэрыяльныя. Аднак выкарыстоўваюцца наступныя вобразы: «Сцяна яго пабудавана з яшмы, а горад быў як чыстае золата, падобны чыстаму шклу. Падмуркі сценаў горада ўпрыгожаны рознымі каштоўнымі камянямі. Першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці – халцэдонам, чацвёрты — смарагдам»(Адкр. 21 18-19).

Вось чаму нашыя Айцы па веры не проста пабудавалі «функцыянальныя» храмы, але надзялілі іх і знешняй сімволікай, якая адлюстроўвае веліч таго, што праслаўляецца ўнутры. Мы, людзі, складаемся не толькі з душы: нашай неад’емнай часткай з’яўляецца і цела, якое патрабуе і рэчаў бачных.

Заўважым, што для абазначэння велічы і бляску нябеснай рэальнасці і пакланення, якое там ўзносяць Богу, у Адкрыцці згадваюцца каштоўныя матэрыялы. Напрыклад, кадзіла: «І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла, і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх святых усклаў яго на залаты ахвярнік, які перад пасадам» (Адкр. 8, 3). Некаторыя ўпрыгожваюць і трымаюць у раскошы свае дамы і вопратку, а калі гаворка ідзе пра тое, каб аддаць тоеж Богу, які палюбіў нас, — чамусьці адразу ж абвінавачваюць Царкву і Касцёл у багацці. Тыя, якія любяць Бога, наўрад ці звяртаюць на гэта ўвагу. Наадварот, яны хацелі б прыкласці свае ахвяры да велічы хрысціянскага культу. Як правіла, абураюцца тыя, хто не ходзіць у касцёл, а ў сваім прыватным жыцці дазваляюць сабе шмат дзеля задавальнення ўласных прыхацяў.

Езус не рабіў заўваг святарам за тое, што яны здзяйснялі культ занадта ўрачыста. Ён выкрываў у іх іншае. Да таго ж, пышнасць святарскага адзення была патрабаваннем, прысутным у Святым Пісанні. Стары Запавет аж да драбнюткіх дэталяў удакладняе, якімі павінны былі быць святарскія рызы і ўпрыгожанні. Каб пераканацца ў гэтым, можна пачытаць, напрыклад, 28, 29 і 39 раздзелы Кнігі Зыходу і 8 раздзел Кнігі Лявіт.

А ўбор першасвятара быў складаным: на звычайную вопратку лявіта апраналі нешта накшталт стыхары. У ніжняй частцы ён быў вышыты фіялетавымі і чырвонымі гранатамі і ўпрыгожаны залатымі званочкамі. А на першы стыхар трэба было надзець яшчэ адзін — наплечнік, які складаецца з пярэдняга і задняга палатнішча, якія злучаліся на плячах двума нараменнікамі, і на кожным з іх мацаваўся апраўлены ў золата камень анікс з імёнамі плямёнаў Ізраілевых. Нарэшце, на грудзях першасвятар насіў нагруднік — своеасаблівую кішэню, у якім былі ўрым і тумім. А на знешняй часткі гэтай кішэні ў тры рады зіхацелі 12 каштоўных камянёў, на якіх былі высечаныя імёны 12 плямёнаў Ізраілевых.

Галаўны ўбор першасвятара быў упрыгожаны залатой дыядэмай, на якой былі высечаныя словы «святасць» і «Яхвэ».

Такім чынам, святарскія рызы былі насычаны сімволікай і зусім непазбаўленыя матэрыяльнай каштоўнасці. І толькі ў дні адкуплення святары апраналіся ў простую вопратку з белага лёну. Словы Езуса — «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе знішчае іх моль і ржа» — заклікаюць нас клапаціцца пра нашу будучыню ў вечнасці. І, у пэўным сэнсе, менавіта да гэтага заклікае і прыгажосць культу. Святарскія адзенне і начынне не збіраюць нікому скарбаў: яны з’яўляюцца ўласнасцю Касцёла. Таму яны належаць кожнаму члену Касцёла. Яны не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю Папы, які, дарэчы, у сваім прыватным жыцці не дазваляе сабе ніякіх дарагіх задавальненняў.

grodnensis.by са спасылкай на  «Католіцкій оглядач»

для друку для друку