Навошта будаваць дарагія і шыкоўныя касцёлы?

lichen“Некаторыя знаёмыя кажуць мне, што не трэба дорага і шыкоўна аздабляць святыні. Лепш пабудаваць нешта больш простае, а грошы аддаць бедным. Я з імі не пагаджаюся. Падкажыце, што можна ім адказваць і якія правільныя аргументы прыводзіць?” Павел

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Першы вядомы ў гісторыі храм Госпада быў пабудаваны царом Саламонам. Яго падрабязнае апісанне прыводзіцца ў 3-й кнізе Царстваў. Сярод іншага чытаем: “І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам. Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам” (3 Цар. 6, 21-22). Аздабленне храма было вельмі багатым і шыкоўным, гэтак жа, як каштоўным было і храмавае начынне. Гэта было знешнім выражэннем стаўлення чалавека да Бога: “Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў”, – гаворыць цар Саламон (3 Цар. 8, 27).

Храм з’яўляецца месцам асаблівай прысутнасці Бога на зямлі. Адпаведна рознымі даступнымі чалавеку сродкамі святое месца аздабляецца асаблівым чынам, каб паказаць яго выключнасць у гэтым свеце. Храм – гэта месца, дзе Неба адкрываецца на зямлі. Госпад адказвае Саламону на яго малітву: “Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імені Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні” (3 Цар. 9, 3).

У наш час, час Новага Запавету, храм набыў яшчэ глыбейшае значэнне. Сёння храм – гэта месца не проста асаблівай духоўнай прысутнасці Бога, гэта дом Хрыста, у якім наш Збаўца прабывае не толькі духоўна, але і фізічна – у Сакраманце Эўхарыстыі. Храм стаў домам Божым у літаральным сэнсе. Св. Альфонс Лігуоры, раздумваючы над гэтай таямніцай, пісаў: “Госпадзе, Езу Хрысце! Любоў да людзей трымае Цябе на алтарах. Тут Ты, поўны міласэрнасці і дабрыні, знаходзішся дзень і ноч, чакаеш іх, клічаш іх і прымаеш усіх, хто прыходзіць Цябе наведаць”.

У Евангеллі маем прыклад ахвярнага выражэння сваёй любові да Збаўцы: “Марыя ж узяла фунт каштоўнага нардавага алею і намасціла ногі Яму, і абцёрла сваімі валасамі Ягоныя ногі, а пах алею напоўніў увесь дом” (Ян. 12, 3). З рацыянальнага пункту гледжання гэта было непатрэбным марнатраўствам. Таму цалкам лагічна апостал Юда паўтарае аргумент вашых знаёмых, згаданы ў пытанні: “Чаму не прадалі гэтага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?” (Ян. 12, 5). Аднак Сам Езус на гэты аргумент дае адказ: “Убогіх паміж сябе заўсёды маеце, а Мяне – не заўсёды” (Ян. 12, 8).

Падобным чынам і з храмамі: бедныя заўсёды будуць у свеце, храм жа будуецца раз і навякі. Заходзячы ў храм, мы пакідаем свет гэты і ўваходзім у свет Божы, дзе “вока не аглядала, ані вуха не чула, ані сэрца чалавечае не прадчувала, што Бог падрыхтаваў тым, каторыя любяць Яго” (1 Кар. 2, 10).

для друку для друку