Натуза Эволо — «айцец Піо ў спадніцы»

8У гісторыі Каталіцкага Касцёла ёсць шмат выпадкаў, калі Езус запрашаў некаторыя душы, асабліва Яму верныя, прыняць удзел у Яго цярпенні. Мы ведаем, што Божы Сын цярпеў за збаўленне свету і за нашыя грахі. Многія містыкі і святыя казалі пра тое, што Езус запрашае прыняць удзел у Яго цярпенні за навяртанне грэшнікаў і за збаўленне свету. Здзіўляе тое, што нават дзеці былі пакліканыя да гэтага асаблівага задання, як гэта здарылася ў Фаціме. Гэтае цярпенне з Езусам найчасцей праяўлялася ў пакутных практыках, гарачых малітвах, цярплівым прыняцці жыццёвых выпрабаванняў, а таксама ў асаблівым перажыванні Яго смерці і пакутаў. Так некаторыя атрымлівалі стыгматы, або перажывалі пакуты Езуса па пятніцах. Да групы такіх незвычайных сяброў Езуса належала Натуза Эволо, італьянская містычка з Калабрыі, якая памерла 5 лістапада 2009 года. На пахаванні, якое сабрала 50 тысяч вернікаў, 5 біскупаў і некалькі сотняў святароў, арцыбіскуп Луіджы Рэнзо аб’явіў, што гэты натоўп сведчыць пра святасць жыцця памерлай. І, паверце, сапраўды не выпадкова жыхары Італьянскай Калабрыі, дзе жыла Натуза Эволо, называлі яе «айцец Піо ў спадніцы».

Натуза Эволо нарадзілася 23 жніўня 1924 г. у вельмі беднай сям’і. Ад самага дзяцінства ёй прыйшлося жабраваць. Натуза не магла атрымаць адукацыю і не мела бацькі, а за навяртанне маці малілася ад самага дзяцінства, паколькі тая вяла блудны спосаб жыцця. Ва ўзросце шасці гадоў Натуза атрымала дар бачыць Пана Езуса, Марыю, анёлаў і святых. Калі яна першы раз убачыла Маці Божую, то не ведала, хто гэта такая, а мясцовы пробашч раіў нікому пра гэта не распавядаць. У 1934 г. паліцыя пасадзіла маці дзяўчынкі ў вязніцу за крадзеж курыцы, якуя маці прыгатавала для сваіх галодных дзяцей. Ад гэтага часу дзеці вымушаныя былі жыць на вуліцы. Яны галадалі і хаваліся пад прыступкамі дамоў. Натуза вельмі моцна прасіла Божую Маці аб помачы. Марыя паабяцала, што знойдзе для дзяцей памяшканне і сапраўды так сталася, а праз нейкі час ёй аб’явіўся адзін святы і сказаў, што маці хутка выйдзе з турмы, што і сталася праз тры дні. У гэтым часе Натуза атрымлівае нябачныя стыгматы, каторыя прыносяць ёй невыносны боль кожную пятніцу, а асабліва ў перыяд вялікага Посту.

Сустрэчы з душамі чысцовымі

У 1939 г. пачаліся першыя сустрэчы з памерлымі. Спачатку дзяўчынка вельмі баялася гэтых сустрэчаў. Доўгі час яна нават не адрознівала жывых ад памерлых. Пасля страх стаў адыходзіць. Бог дазваляў перажываць гэтыя аб’яўленні памерлых, каб такім чынам пабудзіць іх родзічаў да веры ў неба, чысцец і пекла. Яны прасілі дзяўчынку перадаваць розныя інфармацыі іх сваякам, а асабліва прызывалі іх да навяртання, гарачай сталай штодзённай малітвы, сакрамэнту споведзі і Эўхарыстыі. Першымі, хто пачаў атрымліваць такія пасланні, былі гаспадары, што нанялі Натузу на працу. Канечне, яны не паверылі пятнаццацігадовай дзяўчынцы, але паколькі візіі не сканчваліся, яны пачалі непакоіцца і данеслі касцёльным уладам. У выніку было прынята рашэнне правесці над дзяўчынкай абрад экзарцызму. Падчас гэтага абраду дзяўчынка сказала: “Моліцеся, каб Бог вызваліў мяне ад дэманаў, але іх тут няма. Тут толькі агромністая колькасць анёлаў”. Экзарцызм стаўся для Натузы момантам агромністага выпрабавання, якое трэба было прыняць з пакорай. Пасля малітвы, таго самага дня, дзяўчынка вярталася дахаты і сустрэла святога Тамаша Аквінскага, які благаславіў яе і сказаў, што ад гэтага моманту Бог будзе дазваляць ёй бачыць душы чысцовыя ўдзень і ўначы.

Стыгматы

3Першыя бачныя стыгматы з’явіліся ў 1938 годзе. Гэта былі раны ў тых месцах, дзе Езус меў раны. Яны штодзённа сталі крываточыць. Натуза спрабавала схаваць гэтыя дзіўныя з’явы, але ёй не ўдавалася. Урачы пачалі даследваць дзяўчынку і аказалася, што яна не мае ніякіх ранаў і хваробаў, а кроў нібы сама па сабе з невядомых прычынаў выплывае. Больш за тое, на бінтах і хустах, якімі выціралі кроў, сталі праяўляцца тэксты на розных еўрапейскіх мовах, а таксама на лацінскай і арамейскай. Адзін з дактароў быў сведкам, як на ягоных вачах стала праяўляцца малітва да Дзіцятка Езуса. Калі ён выцер рану другі раз, то з’явіўся працяг малітвы. Праяўляліся таксама хрысціянскія сімвалы і знакі. Дактары пільнавалі, каб не было ніякага падману і таму на іх вачах дзеіліся цуды. Гэтыя хусты захаваліся да сённяшняга дня.

Рэгулярныя сумнівы і праверкі

З часам пачалі распаўсюджвацца гісторыі, калі Натуза з’яўлялася адначасна ў некалькіх месцах у прысутнасці святых або памерлых, каб дапамагчы некаторым асобам, якім асабліва была патрэбная дапамога. Інфармацыя пра сенсацыйную дзяўчынку разляцелася імгненна. Да яе пачалі прыходзіць святары, манахі і нават біскупы. Але разам з тым надалей працягваліся абследванні, ці дзяўчынка псіхічна здаровая і ці няма нейкага ўплыву злога духа.

У 1939 г. біскуп Альбэра папрасіў вельмі вядомага і шанаванага псіхіятра Агасціна Гэмэлі праверыць Натузу і сказаць сваю думку. Між іншым, гэта быў той псіхіятар, каторы сказаў, што стыгматы святога айца Піо – гэта форма істэрыі. Падобнае ён сказаў таксама і пра Натузу. Пад уплывам яго аўтарытэту многія псіхіятры, каторыя да гэтага часу даследвалі дзяўчынку, таксама пачалі сумнявацца. Ён параіў, каб біскуп і іншыя перасталі звяртаць увагу на надзвычайнасць, і, маўляў, усё само сабой скончыцца. Так і зрабілі, але нічога не скончылася. Больш за тое, калі біскуп удзяляў сакрамэнт бежмавання. Натузе, то ў гэты момант моцны боль працяў яе плечы, і многія ўбачылі, як праз белую сукенку на плячах дзяўчынкі стаў адбівацца вялікі крывавы крыж.

Падчас адных аб’яўленняў Маці Божая прадказала, што Натуза 26 ліпеня 1940 г. перажыве знешнюю смерць. Невядома было, пра што ідзе гаворка. Тым не менш. у гэты дзень сабраўся агромністы натоўп людзей, было шмат журналістаў. Пад вечар дзяўчынка нібы застыла. Яна не мела ніякага кантакту са знешнім светам і выглядала, што яна памерла. Урачы ніякім спосабам не маглі вярнуць яе да жыцця. Праз сем гадзін Натуза “прачнулася” як бы нічога і не было. Падчас гэтай дзіўнай “смерці” яна ўбачыла вялікі касцёл і шмат пабудоваў у сваім горадзе. Гэтае містычнае перажыванне прычынілася да таго, што Натуза на два месяцы трапіла ў псіхіятрычны шпіталь. З аднаго боку гэта было чарговае выпрабаванне, а з іншага яна разумела, што павінна паслужыць хворым у гэтым месцы. У шпіталі яе максімальна абследвалі і здзіўляліся, што яна абсалютна здаровая, а разам з тым, дзяўчына і надалей бачыла памерлых і Марыю.

Сям’я5

Нехта з дактароў дарадзіў, што яе трэба выдаваць замуж. Для Натузы тэма сям’і была праблемнай, паколькі яна настолькі была закаханая ў Езусе, што хацела належыць толькі Яму. Найлепшы выхад быў бы кляштар, але яе не прымалі, паколькі яна была непісьменнай.

Пасля выхаду са шпіталю некаторыя хлопцы сталі цікавіцца Натузай. Адзін з іх стаў пазней яе мужам. З упэўненасцю можна сказаць, што Натуза ніколі б не рашылася на стварэнне сям’і, калі б не атрымала выразнага наказу ад Езуса. І так сапраўды сталася. Езус і Марыя казалі ёй, што яна павінна навучыцца любіць так, як любіць маці і жонка.

Іх сям’я жыла вельмі бедна, але Натуза радавалася кожнаму падарунку ад Езуса і казала, што ёй усяго хапае і не трэба нічога больш. Да яе прыходзіла ўсё больш і больш людзей. Яна клалася позна і ўставала рана, каб паспець дапамагчы патрабуючым душам. Гэта дзіўна, але разам з тым яна спраўлялася са сваімі хатнімі абавязкамі і не занядбоўвала іх. Казала, што гэта Езус дае сілы і Ён дапамагае ўсюды паспець. Падчас аднаго аб’яўлення Езус сказаў, што давярае ёй пахучыя кветкі і будзе бяда, калі яна занядбае адказнасць за гэтыя кветкі. Праз тры дні Марыя растлумачыла, што гэтымі кветкамі ёсць людзі, каторыя прыходзяць да яе і якім патрэбнае навяртанне. А такіх “кветак” было шмат. Людзі прыходзі з праблемамі, часта пыталіся пра сваіх родных, якія загінулі або зніклі на вайне. Натуза малілася і пераказвала тое, што ёй казалі анёлы або душы чысцовыя. Пры кожным чалавеку яна заўсёды бачыла анёла апекуна. Прычым анёл свецкіх стаяў з правага боку, а анёл святароў з левага. такім чынам святары не маглі схавацца перад Натузай. Яна заўсёды ведала, хто да яе прыходзіць. Казала, што анёлы не мелі крылаў як на абразках. Яны былі нібы дзесяцігадовыя дзеці, якія даюць добрыя парады. Анёлы прыходзілі толькі з жывымі, пры душах памерлых іх не было.

Такім чынам не споўнілася парада псіхіятра. Натуза выйшла замуж і сталася маці, але яе містычныя перажыванні далёка не скончыліся. Усё толькі пачыналася…

Як такое магчыма?

З аднаго боку было шмат праверак як з боку Касцёла ў выглядзе экзарцызму, так і з боку свецкага грамадства ў выглядзе псіхіятрычных абследванняў. Гэтыя праверкі нічога не паказвалі і не даказвалі, а пытанні заставаліся.

Натуза была простай, неадукаванай жанчынай, але з вялікай любоўю да Езуса. Казала пра сябе, што яна толькі моліцца, а ўсё астатняе залежыць ад Езуса. Людзі пачалі да яе прыходзіць для звычайнай інфармацыі наконт сваіх памерлых і заўсёды яе атрымлівалі. Душы памерлых не казалі нічога новага. Яны даказвалі тое, аб чым вучыць Каталіцкі Касцёл. Тыя, хто гаварыў з пекла, казалі, што трапілі за смяротныя грахі, за тое, што не хацелі змяніцца і пакаяцца. Так, напрыклад, душа адной дзяўчыны трапіла ў пекла за тое, што свядома зводзіла святара праз чужалоства. Іншая душа перасцерагала жывых, каб не перашкаджалі дзецям нараджацца праз кантрацэпцыю і аборты, бо гэтыя грахі вядуць да вечнага асуджэння. Іншым разам Натуза была амаль вымушаная просьбамі чысцовай душы пайсці да святара і прызваць яго да пакаяння, бо жыў ён у граху чужалоства і ў ім адпраўляў святую Імшу.

4Душы казалі пра самыя простыя і элементарныя рэчы. Прасілі аб малітве і ахвярах, прызывалі да шчырага пакаяння, запрашалі любіць Бога і людзей. Абсалютна нічога новага. Здзіўляў іншы факт. Натуза стала нібы энцыклапедыяй, у якой можна было знайсці інфармацыю з таго свету. Больш за тое, вельмі часта яна ў прысутнасці людзей падчас малітвы на ружанцы трапляла ў экстаз. Яе вусны варушыліся, але яна нічога не гаварыла. Разам з тым з яе нібы вырываліся галасы. Гэта былі галасы памерлых. Яны размаўлялі з тымі, хто знаходзіўся з Натузай у адным пакоі. Найчасцей гэта былі іх родныя або знаёмыя. Людзі распазнавалі па галасах сваіх блізкіх. Гэта была размова нібы па тэлефоне. Толькі “трубкай” у гэтым выпадку была Натуза. Зрэшты, самі душы і тлумачылі, што яны могуць так размаўляць з жывымі толькі таму, што ім дазволіў Бог. Яны называлі Натузу “радыё”. Праз гэтае “радыё” адзін італьянскі біскуп, які загінуў падчас бамбёжкі ў 1943 г., сказаў прысутным цэлае казанне. Душы гаварылі столькі, колькі ім дазваляў Бог. Часам людзі хацелі даведацца штосьці больш, але душы памерлых адказвалі, што ім Бог не дазваляе больш казаць.

Знешне гэтая з’ява вельмі нагадвала адну з акультных практык, калі чалавек станавіўся т.зв. “медыюм”, праз каторы гаварылі памерлыя. Розніца была ў тым, што Натуза ніколі гэтага не хацела і нават уцякала і хавалася. Гэта быў выключна Божы план. Адзін з міланскіх чыноўнікаў, які лічыўся вядомым “медыюм” і практыкаваў акультызм, аднойчы адведаў Натузу. Пасля таго, што ён убачыў, ён зразумеў, што меў кантакты не з памерлымі, а са злымі духамі. Ён перажыў сапраўдны шок, адрокся ад акультных практыкаў і стаў гарачым католікам.

Падчас адной візіі пачаў гаварыць хлопчык, які памёр, маючы 20 дзён жыцця. Ён быў у небе, але скардзіўся, што яго родныя не моляцца за яго. Аказалася, што ён не патрабуе малітвы, але можа іх заносіць Езусу ў падарунак, як гэта робяць усе душы, а Езус сам размяркоўвае іх, каму яны патрэбныя.

На ўсе гэтыя гісторыі і пытанні можна адказаць толькі верай у Божую Міласэрнасць і ў дзіўныя Божыя планы, якіх мы не разумеем. Натуза не шукала прыгодаў. Яна была паслухмяная Касцёлу і пакорна пераносіла ўсе асуджэнні, выпрабаванні і непаразуменні. Езус і Марыя вучылі яе ўсё прымаць без бунту і ў пакоры, ахвяруючы свае цярпенні за навяртанне грэшнікаў. Выглядае на тое, што ў планах Божых было стварыць такое дзіўнае выключэнне, каб перад камерамі і амаль перад усім светам паказаць рэальнасць існавання жыцця пасля смерці.

viartannie.org

для друку для друку