Нацыянальны банк Польшчы выпусціць калекцыйную банкноту з нагоды 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай

Выпуск банкноты наміналам у 20 злотых плануецца на 21 жніўня.Тыраж банкноты будзе складаць 55 тысяч штук. Грошы будуць мець памер 15 на 7,7 см.

На адным баку банкноты прадстаўлена графічная версія кароны, якую ахвяраваў Папа Клімент ХІ, якія потым былі выкрадзеныя ў 1909 года. Марыйную карону вянчаюць зоркі, якія нагадваюць пра вобраз нявесты з апакаліпсіса. Карону Маці Божай з Дзіцяткам падтрымлівае пара анёлаў. Гэта звязана з культам анёлаў-ахоўнікаў, які з XVII стагоддзя распаўсюджвалі яснагурскія айцы паўліны. Пад каронай на фоне стылізаваных анжуйскіх (бурбонскіх) лілей размешчана марыйная манаграма як адзін з ахоўных элементаў банкноты, т. зв. recto-verso.

Справа бачныя стылізаваныя раслінныя матывы з барочнай рамы цудатворнага абраза. Вадзяным знакам банкноты служыць герб айцоў паўлінаў, які ўяўляе сабой варона з буханкай хлеба ў дзюбе і двух львоў, якія абапіраюцца на ствол пальмы. Гэта звязана з жыццём святога Паўла, першага пустэльніка, апекуна паўлінаў. У левым верхнім куце банкноты змешчаны раслінны матыў з пярэдняй часткі алтара ў капліцы Маці Божай, які быў выраблены з нагоды каранацыі.

На адваротным баку банкноты можна ўбачыць гравюру, выдадзеную ў Рыме 1717. Злева віднеецца яснагурскі кляштар , а ніжэй — анжуйская лілея. Справа размешчаны раслінны матыў з рамы абраза і вадзяны знак — герб айцоў паўлінаў. Тэалагічная і гістарычная сімволіка, прадстаўленая на банкноце, падкрэслівае выключную ролю, якую абраз Маці Божай Чэнстахоўскай і Марыйны культ адыгралі ў гісторыі польскага народа. Найсвяцейшая Панна Марыя заслужыла ў палякаў асаблівы статус: Яна — Маці, Абаронца і Каралева.

niedziela.pl, wiadomosci.onet.pl
пераклад Catholicnews.by

для друку для друку