Нацыянальная пілігрымка сем’яў прайшла ў Браславе

braslau_semi1310-11 верасня ў Браславе прайшла X Нацыянальная пілігрымка сем’яў на тэму “Прабачэнне і прымірэнне ў сям’і”. Арганізатарам з’яўляецца Рада па справах сем’яў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Пілігрымка праходзіць раз на год у розных дыяцэзіях краіны. У браслаўскай святыні гэта ўжо другая нацыянальная сустрэча сем’яў.

Паколькі цяперашні год у Каталіцкім Кацёле прысвечаны разважанню над міласэрнасцю, то тэмай пілігрымкі стала “прабачэнне і прымірэнне”. На думку душпастыра сем’яў Віцебскай дыяцэзіі а. Віталя Сапегі OP, прабачэнне сведчыць пра сілу чалавека, хрысціяніна, а непрабачэнне ўпускае ў наша жыццё злога духа. Чалавек, які ўмее прабачаць, жыве з супакоем у сэрцы і такім супакоем варта дзяліцца. “Варта прабачаць, каб у сям’і і грамадстве не было вайны і падзелаў. Варта несці супакой у свет”, — падкрэсліў святар.

Праграма пілігрымкі ўключала ў сябе канферэнцыі, працу ў групах асобна для мужчын і жанчын, а таксама быў час для малітвы, бо для сям’і гэта вельмі важны падмурак. Жонцы трэба маліцца за мужа, мужу за жонку, а таксама за дзяцей.

braslau_semi08

Асаблівасцю сёлетняй пілігрымкі сем’яў стала тое, што яна працягвалася два дні, замест традыцыйна аднаго. Таму стала магчымым арганізаваць вечаровую праграму: тут прайшоў баль з навучаннем класічным танцам. Такі пункт праграмы нагадаў сужонкам, што ў сям’і важна ўсё, у тым ліку арганізацыя вольнага часу, актыўнае сумеснае баўленне часу.

braslau_semi09

У X Нацыянальнай пілігрымцы сем’яў прыняў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў нядзельную святую Імшу і запрасіў разам маліцца за ўсе сем’і нашай краіны.

Па сведчанням удзельнікаў, гэтыя два дні для многіх сталі часам адкрыццяў, новага погляду на сваю сям’ю і адкрыцця сябе нанова як асобы, сем’яніна, бацькі.

Святлана Жылевіч, waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку