Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала семінарыі ў Пінску «Біблію Скарыны»

9 лістапада ў сценах Брэсцкай абласной бібліятэкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў у дар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску факсімільнае выданне «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» ў 20 тамах.

Цырымонія перадачы адбылася ў межах святкавання 500-годдзя выдання Скарынам першай друкаванай кнігі на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Як адзначыў Раман Матульскі, прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання адбылася ва ўсіх найбольш буйных цэнтрах навукі і культуры свету. Цяпер выданне прэзентуецца ў асноўных навучальных установах і бібліятэках Беларусі.

Рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка падзякаваў за працу над выданнем і за падарунак Раману Матульскаму і ўсяму калектыву навукоўцаў, якія прычыніліся да векапомнага выдання «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны».

Ксёндз Рылка звярнуў увагу сабраных на велізарнае культуратворчае і духоўнае значэнне як постаці першадрукара, так і выдадзеных ім біблійных твораў. Рэктар семінарыі адзначыў, што 20-томная біблійная спадчына Скарыны зойме пачэснае месца ў багатым фондзе духоўнай літаратуры семінарыйнай бібліятэкі ў Пінску.

Catholic.by

для друку для друку