Нататкі місіянера. Праца ў Андах

Летнія вакацыі пачынаюцца ў перуанскіх дзяцей перад святам Божага Нараджэння і працягваюцца да пачатку сакавіка. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо калі ў Еўропе зіма, то ў Перу – лета: людзі ходзяць на пляж, купаюцца ў акіяне. Снежань, студзень, люты – гэта самыя цёплыя месяцы, якія называюцца летам.

Ад мая да верасня ў Перу пануюць халады і насельніцтва вельмі церпіць ад гэтага. Тэмпература прыкладна каля 15 градусаў цяпла. Для нас такія “халады” незразумелыя і часам смешныя, але патрэбна ўлічваць, што перуанскія хаты не маюць ацяплення, а вільготнасць можа дасягаць да 90%. Перуанцы не маюць цёплых коўдраў і пуховых пярын, уначы накрываюцца тонкімі пакрываламі.

У маёй мясцовасці, якая знаходзіцца на ўсходнім баку Андаў, ёсць пара дажджлівая (зіма) і пара звычайная (лета). Тэмпература ўдзень у сярэднім каля +22 градусаў, уначы – +17.

Вакацыі не толькі бываюць у дзяцей. Законныя сёстры, якія выкладаюць у школе, таксама маюць адпачынак і выязджаюць у Ліму. Калі я застаюся адзін, то апрача асноўных абавязкаў ксяндза мушу яшчэ займацца рознымі гаспадарчымі справамі: гатаваць ежу, прыбіраць.

Ксёндз Ежы Майка

Аднойчы на вячэрняй Імшы да мяне завітала мая парафіянка – сеньёра Марыя Понсэ, якая рэгулярна наведвае касцёл. Падчас чытання Евангелля і малітвы вернікаў яна паспявала прывітацца і пацалавацца з іншымі парафіянкамі. Сеньёра пацікавілася, як я спраўляюся без манахінь, і паабяцала прыносіць ежу на абед. Я нават і не разлічваў, што перуанцы мне так будуць дапамагаць, як парафіяне ў Беларусі! Ва Ушачах, калі я аднойчы страціў прытомнасць у касцёле падчас адмаўлення ружанца, некаторыя сем’і пачалі апекавацца мной – прыносіць абеды, прыбіраць на плябаніі.

Мая парафіянка сеньёра Марыя споўніла сваё абяцанне і на наступны дзень прынесла абед: вялікую міску рысу з соусам ракота і маленькі кавалак курынага мяса. Толькі я збіраўся падзякаваць жанчыне, як яна паабяцала і ў наступны дзень прынесці мне абед. І так, напэўна, пасля чацвёртага абеду сеньёра запыталася ў мяне, ці магу я ёй падараваць невялікі мяшочак урадлівай глебы з сада каля плябаніі, дзе я рабіў перапланіроўку кожны дзень. “Нешта тут, мабыць, не так!” – мільганула тады ў мяне думка. Нам некалі на курсах місіянераў у Іспаніі апавядалі, што ў індзейскім свеце няма такога, каб даваць бескарысна. Нас папярэджвалі, што патрэбна быць вельмі асцярожнымі з падарункамі ад перуанцаў. Калі мая парафіянка прыносіла мне ежу, то яна не проста клапацілася пра мяне, як гэта рабілі беларусы ці палякі, а чакала нейкай выгады. “Але ж няхай сабе жанчына возьме гэты мяшок зямлі. У Перу паўсюдна горы, добрай глебы зусім мала” – падумаў я.

З адпачынку вярнуліся сёстры і мая парафіянка перастала прыходзіць да мяне і прыносіць абеды. Але праз некалькі дзён да плябаніі пад’ехаў вялікі трактар, каб вывезці ўсю нашу глебу парафіянцы на агарод…  “Ці можа мне ксёндз падараваць мяшочак глебы”, – успамінаў я словы парафіянкі Марыі Понсэ. Менавіта такі жыццёвы прыклад натхніў мяне перачытаць усе тыя інструкцыі і правілы паводзін “у дзікіх краях”, якія нам чыталі падчас курсаў будучых місіянераў.

Кс. Ежы Майка

Пераклала на беларускую мову Наталля Мізярска.

Чытайце таксама:

Жыццёвы шлях місіянера

Нататкі місіянера. Перу

Нататкі місіянера. Перу. Працяг

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі