Нататкі місіянера. Перу. Працяг

У нядзелю ксяндзы ў Перу маюць шмат працы: патрэбна правесці чатыры Імшы. Адну – у Хуанкабамбе і тры – па вёсках. Праца ксяндзоў пачынаецца а 7.30.

Пра сваё штодзённае жыццё ў перуанскай парафіі Хуанкабамба расказвае ксёндз Ежы Майка: “Аднойчы, я накіраваўся на старым ровары ў вёску Латурахі, якая знаходзілася за 6 км ад Хуанкабамбы. У Латурахі Імша адпраўляецца толькі адзін раз на месяц. Па дарозе да вёскі я не мог не звярнуць увагу на маляўнічыя краявіды, якія сустракаліся на маім шляху. Такая прыгажосць, што не апісаць словамі! Тут хочацца застацца і гадзінамі глядзець на шэдэўры, якія стварыла прырода. Больш за ўсё здзіўляюць горы, бо яны кожны дзень змяняюцца.

Абвал дарогі ў гарах

Ёсць у Перу дзіўны звычай – паліць траву на гарах. Не было ніводнага дня, каб у паветры я не чуў дыму. Пажары гэтыя ніхто не тушыць, яны самі затухаюць праз нейкі час. І тады такія горы выглядаюць вельмі дзіўна: з аднаго боку, зялёныя, а з другога – чорныя, спаленыя. А горныя рэкі, якое гэта відовішча! Колькі ў іх энергіі, яны нібы натхняюць чалавека сваёю магутнасцю да жыцця!

Перад уездам у сяло Лантурахі ёсць развілка. Я вырашыў павярнуць у левы бок, бо ніколі яшчэ не ехаў той дарогай. Наперадзе ўбачыў узвышша, падобнае да дыназаўра, што паклаў галаву на свае лапы. Перада мной з’явілася нейкая агароджа з калючага дроту, быццам плот. Мільганула думка: “Раз плот, значыць, гэта нечая ўласнасць! А можа тут сабакі?” Раптоўна ўспомніў, як адзін перуанец апавядаў пра падрэ Яна, на каторага нечакана напалі сабакі. І шчасце, што яны ўхапіліся зубамі за стулу (доўгая стужка з тканіны, якая носіцца вакол шыі святара) і пачалі яе рваць. А бедны ксёндз Ян, скарыстаўшыся гэтым, ледзь жывы здолеў уцячы”.

Ксяндзу Ежы першы раз у жыцці давялося ўдзельнічаць у свяце Сэнор дэ Лос Мілаграс (што ў перакладзе – Пан Цудаў, або Хрыстус Цудатворца. Гэта найважнейшае ў Перу свята, якое можна параўнаць з Божым Нараджэннем і Вялікаднем.

Парафіяне

Гісторыя гэтага свята наступная. Яшчэ ў XVI ст. негр-раб намаляваў на сцяне будынка, у якім яго трымалі разам з іншымі нявольнікамі, абраз Езуса Укрыжаванага. Рабы пачалі перад абразом маліцца. Магчыма, ніхто і не звярнуў бы ўвагу на тое, каб не людзі, якіх прыходзіла штораз больш.

Дзіўна было, што намаляваны абраз збярогся праз шмат гадоў. Святары з Лімы былі супраць таго, што людзі пакланяюцца нейкаму негрыцянскаму святому, а не ходзяць у касцёл. Тады яны загадалі зафарбаваць той абраз, але праз нейкі час з-пад фарбы стаў праяўляцца вобраз Хрыста Укрыжаванага. У той час у Перу былі страшэнныя землятрусы, якія вытрымала старая сцяна з вобразам Хрыста. Гэта прывяло да таго, што біскуп змяніў свае погляды, і з тае пары абраз ушаноўваецца касцёлам.

Ксёндз Ежы ўспамінае: “ Зараз тут вельмі распаўсюджаны працэсіі з абразамі, якія нясуць на спецыяльнай платформе –“андзе”. Кожная парафія стараецца мець найбольшы абраз і найбольшую “анду”. Праблема ў тым, хто гэта будзе несці? У працэсіі ўдзельнічаюць у асноўным жанчыны, а мужчыны перастаюць прыходзіць на Імшу. У вялікіх парафіях такія праблемы не ўзнікаюць. У Ліме, напрыклад, 28 кастрычніка прымае ўдзел у працэсіі каля 2 мільёнаў чалавек – гэта самая вялікая працэсія на свеце. Другім элементам святкавання з’яўляюцца дываны “альфомбры”, якія насыпаюцца з зямлі, пяску, зерня, мукі і іншых рэчаў. Такім чынам, ствараецца які-небудзь абраз”.

У Лантурахі ксёндз Ежы праводзіў Імшу ў школе, пасля якой было пасвячэнне альфомбраў і малітва за іх стваральнікаў. Дываны-альфомбры размясцілі на школьным двары, а іх аўтарамі з’яўляюцца восем вучняў.

Працягвае свае ўспаміны ксёндз Ежы: “У першую пятніцу кожнага месяца ксяндзы наведваюць з камуніяй хворых. Я таксама наведаў такого “хворага” і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што нямоглы чалавек працуе на агародзе і зусім не падобны да хворага. Яго часовы дом, які быў пабудаваны з гліны, мог прастаяць толькі да першых ліўняў.

Гліняныя хаткі перуанцаў

У другой хаце, каторую я таксама наведаў, жыла сямейная пара. Людзям было па 60 гадоў. Мужчына, як расказала яго жонка, з’яўляецца “сябрам усіх ксяндзоў”, але яго да касцёла патрэбна выганяць з дому. Гэтыя людзі маюць іспанскае прозвішча Убеда, але, напэўна, яны нашчадкі нямецкіх каланізатараў, пра што гаворыць вонкавы выгляд мужчыны: ён худы, высокі, з прамым носам, калісьці быў бландынам. Гаспадар паказаў мне старыя фотаздымкі сваіх сваякоў 1930-х гадоў: яны ўсе на конях, у шаломах з коркавага дрэва, са стрэльбамі за плячыма, як перад выездам на сафары. Сеньёр пачаў мне апавядаць пра ксяндза падрэ Лухіа, што наведваў некалі іх вёску і ўваліўся на сваім матацыкле ў раку, вельмі прамок і трапіў да іх у краму, каб пагрэцца. Але не было ў нашай краме ні печкі, ні чайніка, толькі “вогненная вада”. Падрэ Лухіа, пачаставаўшыся “вогненнай вадой”, сеў на матацыкл і паехаў, нават пасля не памятаў, як трапіў дадому.

Пасля наведвання гаспадароў Убеда мне было патрэбна ўжо вяртацца ў Хуанкабамба. На вуліцы сцямнела. Я, прайшоўшы некалькі кіламетраў, заўважыў, што з кустоў на мяне глядзяць вялікія вочы нейкага драпежніка і свецяцца, як у дарослага ката. Рысь, тыгр, кот, кракадзіл? Ад страху я забыўся, якія жывёлы водзяцца ў тропіках. Не памятаў нават, як прабег з 18 кіламетраў і апынуўся на плябаніі. Добра, што законныя сёстры яшчэ не зачынілі брамы, а то начаваў бы я з роварам на вуліцы”…

(Працяг будзе)

Падрыхтавала Наталля Мізярска, Ушачы

Чытайце таксама: Нататкі місіянера. ПеруЖыццёвы шлях місіянера

для друку для друку