«Насупраць вас становіцца не святар, але Бог». Пра шлях да эфектыўнай споведзі

Для часткі вернікаў перыяд Вялікага посту становіцца адзіным часам, калі яны тэт-а-тэт сустракаюцца з міласэрным Айцом. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сказаў пра мінімальны абавязак спавядацца адзін раз у год, і таму нібы можна сабе дараваць. Але гэта каштуе. Кожны раз, абмінаючы канфесіянал, мы збочваем са сцежкі да святасці. І чым большы інтэрвал паміж момантамі пакаяння, тым складаней нам ізноў стаць на правільны шлях.

Пра тое, як пераадолець страх перад спавядніцай і зрабіць сакрамант пакаяння плённым, распавядае а. Павел Раманчук OFM Conv.

— Чым з’яўляецца грэх і як нам яго распазнаць?

— Наш найлепшы падказчык – гэта сумленне. Яно з’яўляецца голасам  Бога ў нашай душы і заўсёды дапамагае адчуць, калі мы здзяйсняем нешта дрэннае. Ідучы за сумленнем, можам таксама адрозніць цяжкія (смяротныя) грахі ад лёгкіх (паўсядзённых).

Наступствы лёгкіх правінаў звычайна не маюць вялікага ўплыву на людзей, што атачаюць чалавека. У сваю чаргу смяротны грэх можна распазнаць паводле трох умоваў. Па-першае, асоба здзяйсняе яго дабравольна (існуюць выпадкі, калі прымушаюць пайсці на злачынства). Па-другое, яна ўсведамляе, што чыніць зло (часам чалавек не ведае, што грашыць, бо, напрыклад, у яго культуры пэўны ўчынак лічыцца нормай). Па-трэцяе, здзяйсненне смяротнага граху заўсёды мае цяжкія наступствы (напрыклад, падман, які стаў прычынай банкроцтва іншага чалавека, выразна адрозніваецца ад хлусні ў менш значнай справе).

— Як мы можам шкадаваць за грэх у выпадку, калі адчуваем, што ў здейсненым намі няма нічога дрэннага?

— Сапраўды, здараецца, што чалавек паступае нягодна, але не адчувае раскаяння. Напрыклад, калі муж здрадзіў жонцы і ў выніку ў яго нарадзілася дзіця ад іншай жанчыны. Зразумела, мужчыне складана шкадаваць за нараджэнне дзіцяці — на свет з’явілася яго любая часцінка. Тут няма месца для эмацыйнага жалю за здзейсненае, але ўзнікае месца для т. зв. жалю ўнутранага – у падобнай сітуацыі чалавек шкадуе, што праз здраду ён аддаліўся ад Бога, прычыніў боль бліжнім.

— Тобок, падобныя пачуцці не павінны нас стрымліваць перад сакрамантам пакаяння. А як быць, калі вернік лічыць споведзь непатрэбнай, спасылаючыся на тое, што дастаткова вызнаць грахі перад Богам без пасрэдніцтва святара?

— Ані іерархі, ані Папа Рымскі не прыдумалі  гэты сакрамант. Усё, што мы маем у Касцёле,  зыходзіць ад Хрыста. Езус сказаў сваім вучням: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”. (Ян, 22-23)

Інакш кажучы, Ён паслаў сваіх вучняў да людзей з дазволам адпускаць ці затрымліваць іх правіны. І паабяцаў у небе “падпісацца” пад усім, пад чым апосталы “падпішуцца” на зямлі. І справа толькі ў тым, ці верым мы словам Збаўцы.

Да таго ж, чалавеку прасцей убачыць сутнасць свайго граху, калі ён паглядзіць на яго вачыма іншага чалавека. Бо мы часта можам шукаць апраўдання сваім правінам або не надаваць належнага значэння пэўнаму граху. А святар заўсёды ўкажа на зло і, адпаведна, на шлях выхаду з яго.

а. Павел Раманчук OFM Conv

— Часта ўцячы хутчэй з канфесіяналу нас прымушае сорам. А некаторым ён увогуле закрывае шлях да споведзі. Як з гэтым змагацца?

— Мы не прыходзім да споведзі, каб ксёндз нас пахваліў, уручыў медаль і павесіў наша фота ў касцёле з подпісам “Найлепшы парафіянін”. Мы прыходзім вызнаць свае грахі, і сорам у гэтай сітуацыі з’яўляецца чымсьці натуральным, нават добрым. Ён паказвае, што мы неабыякавыя да свайго лёсу, да шрамаў, якія нанеслі Богу і бліжняму.

Зразумела, цяжка вызнаць правіны перад другім чалавекам. «Што падумае святар?» — часта хвалюе нас думка. Я, слухаючы пенітэнта, не затрымліваюся над яго грахамі, я хачу дапамагчы чалавеку. Дарэчы, калі ў тыдзень даводзіцца паспавядаць каля 300 чалавек, я ніколі не ўзгадаю, што казаў мне той ці іншы вернік.

Святар не павінен засланяць Хрыста. Калі ты выбіраеш спаведнікам ксяндза, які заўсёды табе ўсміхаецца або амаль не каментуе сказанае падчас вызнання правінаў – гэта дрэнны шлях. Жыццё чалавека пасля споведзі павінна змяніцца, паўстаць у новым святле.

— Пачуццё сораму таксама вельмі часта звязана з правінамі адносна 6-ай запаведзі. Ці святар мае права выпытваць падрабязнасці, што датычаць гэтых грахоў?

— Нярэдка людзі памылкова лічаць, што найгоршыя правіны – гэта правіны супраць наказу “Не чужалож”. Зразумела, “сексуальны” грэх – гэта цяжкі грэх, але 6-ая запаведзь не павінна дамінаваць у нашай свядомасці. Я нярэдка сутыкаўся з тым, што інтымныя грахі вызначаюць частату споведзі і не дазваляюць верніку ўсур’ёз задумацца, каб працаваць над іншымі слабасцямі. Памятайце, што акрамя наказу “Не чужалож” існуе яшчэ дзевяць. Трэба клапаціцца пра выкананне кожнага з іх. Прасцей за ўсё гэта зрабіць, абапіраючы жыццё на дзвюх запаведзях любові (Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. А бліжняга твайго, як самога сябе. – заўв аўт.).

Чалавек прыходзіць спавядацца не толькі каб ачысціць душу, але каб яе вылячыць. Таму часам каб даць добрую раду, святару неабходна ведаць некаторыя падрабязнасці. Але калі ў роспытах святара вы заўважаеце цікаўнасць ці зацыкленасць на інтымных грахах, можна спыніць размову.

— А калі пенітэнт сам імкнецца дзяліцца са святаром усім, што мае ў галаве, і сакрамант пакаяння паступова пераўтвараецца ў псіхатэрапію — ці павінна так быць?

— Гэта вельмі далікатная справа. З аднаго боку, калі размова выходзіць за рамкі вызнання правінаў, лепш перанесці яе па-за сакрамант. Хаця б з прычыны ўвагі да людзей, што чакаюць у чарзе.

Але з іншага боку канфесіянал – гэта месца, дзе дзейнічае Бог, і дзе д’ябал мае агранічаны ўплыў. Таму часта падчас споведзі з чалавека “выходзяць” словы і эмоцыі, якімі ён і не планаваў дзяліцца. Напрыклад, ён пачынае плакаць з прычыны граху, якім раней, мабыць, ганарыўся. Або прызнаецца ў думках аб самагубстве. У такім выпадку нельга спыніць пенітэнта і дамовіцца аб сустрэчы па-за канфесіяналам на заўтра. Чалавек, хутчэй за ўсё, не вернецца. І магчымасць дапамагчы яму будзе страчана.

— Чым кіруецца святар, вызначая пенітэнту тую ці іншую пакуту? Што яна, увогуле, сабой прадстаўляе?

— Перадусім трэба адзначыць, што пакута – гэта не адкупленне ад грахоў. Мы не можам “зарабіць” на адпушчэнне правінаў, 10 разоў адгаварыўшы “Вітай, Марыя”. Гэта Езус з любові да нас заплаціў за грахі свету, прыняўшы смерць на крыжы.

Пакута павінна дапамагчы чалавеку, стаць яго шляхам да выздараўлення. Таму ксяндзу неабходна вызначаць яе ў залежнасці ад таго, у які “палон” трапіў пенітэнт. Напрыклад, калі я бачу, што чалавек схільны да ганарыстасці і скупасці, то кажу яму падтрымаць беднага. А калі мае праблемы ў адносінах з Богам, прашу памаліцца да Найсвяцейшай Марыі.

Я таксама не з’яўляюся прыхільнікам таго, каб занадта абцяжарваць людзей пакутай. Сам Езус папярэджваў фарысеяў: “звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх” (Мц 23, 4). Няхай лепш чалавек 1 раз шчыра, удумліва памоліцца “Тваёй абароне..”, чым 50 разоў запар будзе чытаць гэтую малітву і адначасова думаць пра надыходзячы абед.

— Пра што неабходна памятаць, каб споведзь  атрымалася плённай?

— Споведзь – гэта, перш за ўсё, дыялог з Богам. Але часта чалавек, падыходзячы да канфесіяналу, хутка прагаворвае свае грахі і ўцякае. У такім выпадку атрымліваецца маналог, які не дазваляе пенітэнту зірнуць на сябе вачыма Госпада, дасведчыць Яго веру ў нас, паверыць у тое, што мы можам дасягнуць святасці.

Таму ўсім, хто рыхтуецца прыступіць да сакраманту споведзі, раю памятаць, на сустрэчу з Кім вы прыходзіце. Насупраць вас становіцца не святар, але Бог.

Размаўляла Ангеліна Марцішэўская, grodnensis.by

для друку для друку