Наступная Еўрапейская сустрэча Тэзэ пройдзе ў Польшчы

Наступная Еўрапейская сустрэча моладзі, якая арганізуецца Супольнасцю Тэзэ, будзе праходзіць з 28 снежня 2019 г. па 1 студзеня 2020 г. у польскім горадзе Уроцлаў.

Будучую сталіцу экуменічнага форума, які аб’ядноўвае хрысціянскую моладзь з розных краін Еўропы, абвясціў прыёр Супольнасці, брат Алаіз Лозэр. Гэта адбылося 30 снежня, падчас вячэрняй малітвы ў рамках сёлетняй сустэчы, што праходзіць у Мадрыдзе.

“У час калі будаванне Еўропы сустракаецца з моцным супрацівам, калі павялічваюцца непаразуменні паміж краінамі, сустрэча ў Польшчы дазволіць тысячам людзей маладога ўзросту адчуць, што ўзаемны давер пабудаваць магчыма”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Супольнасці Тэзэ.

Ва ўрачыстым абвяшчэнні месца правядзення наступнага этапу “Пілігрымкі даверу на зямлі” прынялі ўдзел Прымас Польшчы, арцыбіскуп Гнезненскі Войцех Поляк і дапаможны біскуп Уроцлаўскай архідыяцэзіі Анджэй Семенеўскі, якія спецыяльны прыбылі ў сталіцу Іспаніі.

Уроцлаў стане трэцім польскім горадам, які будзе прымаць еўрапейскую хрысціянскую моладзь на сустрэчы, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ. У 1999 г. гэты форум праводзіўся ў Варшаве, а ў 2009 г. – у Познані.

Еўрапейскія сустрэчы моладзі, адбываюцца на рубяжы старога і новага года, кожны раз у іншым горадзе кантынента. Форумы праводзяцца з 1978 г. Самы першы прайшоў у Парыжы.

Звыйчана іх праграма прадугледжвае пражыванне моладзі ў сем’ях і школах. У дадатак да рэлігійных сустрэч арганізуецца багатая культурная праграма. У навагоднюю ноч адбываецца “Малітва за мір ва ўсім свеце” і “Фестываль народаў”. Акрамя сустрэч у парафіях маладыя людзі штодзённа збіраюцца для малітвы ў буйных выставачных цэнтрах ці базыліках.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку