Настойлівасць у малітве

kak molitcaУ аснове біблейскага разумення веры ляжыць уяўленне аб вернасці. І адпаведныя словы, якімі абазначаюць веру на грэчаскай і яўрэйскай мовах у біблейскіх кнігах, можна перакласці менавіта як вернасць. Вернасць веруючага чалавека праяўляецца ў першую чаргу ў тым, як ён моліцца. Слова Божае заклікае нас маліцца рэгулярна.

Магчыма, нам здаецца, што мы не можам перамагчы нашы цяжкія жыццёвыя сітуацыі, нашы праблемы і выклікі, якія ставяць перад намі сучасны свет, лёс, жыццё ці іншыя людзі. Аднак нам гэта толькі здаецца. Бог заўсёды побач, і адзінае, чаго нам не хапае, — гэта пастаянства, асабліва трываласці ў веры, трываласці на малітве.

Нашы духоўныя практыкі могуць стаць прычынай таго, што мы ўжо апраўдалі сябе. Нам больш нічога не патрэбна, і цяпер можна штосьці патрабаваць ад Бога. Мы пачынаем лічыць той невялікі час, які мы ўдзяляем Богу, і нашы нешматлікія добрыя справы. Мы пачынаем судзіцца з Богам: “Я прастаяў на малітве столькі, а Ты мне за гэта нічога не даў. Я зрабіў нейкую добрую справу для нейкага чалавека, а гэта ж тое самае, што зрабіць штосьці для Цябе, а ты мяне дагэтуль не ўзнагародзіў”. У гэты момант адлегласць паміж намі і Богам становіцца жахліва вялікая, паколькі Бог ёсць Любоў, а мы спрабуем любоў палічыць, гандлюем любоўю.

Евангельскае пасланне звяртае нашу ўвагу на адзін з аспектаў тых адносін, якія вызначаюцца словам “вернасць”: на няўхільнасць і сталасць у тым, што тычыцца пастаўленай мэты. Прыкладам такой сталасці з’яўляецца ўдава з евангельскай прыпавесці, якая сваёю настойлівасцю прымушае несправядлівага суддзю дапамагчы ёй, нягдзечы на тое, што з-за беднасці яна не магла яму нічога прапанаваць.

Вядома, прыклад суддзі, які заняўся зусім нецікавай і непатрэбнай яму судовай справай толькі для таго, каб яго пакінулі ў спакоі, з любога пункта гледжання выглядае карыкатурна. Але справа тут, вядома, не ў суддзі, а ў настойлівай удаве. Сутнасць прыпавесці простая: калі ўжо чалавека, да якога ты абыякавы, можна “дастаць” сваёй няўхільнасцю, то тым больш няцяжка ў гэтым выпадку дастукацца да Бога, Які да нас зусім неабыякавы.

Але чаму настойлівасць і няўхільнасць такія важныя? Няўжо Бог і без нашай настойлівасці не ведае, у чым мы маем патрэбу і наколькі? Вядома, ведае. А няўхільнасць і настойлівасць, мабыць, патрэбны не Яму, а нам. Каб не адбылося так, што, атрымаўшы тое, чаго просім, мы ў імгненне не перадумаем або не заўважым атрыманага, бо наша ўвага ўжо пераключылася на нешта іншае.

Бог, вядома, на нас не пакрыўдзіцца, але вось дарогу ў Валадарства Божае мы так не адолеем: каб яе асіліць, трэба, каб Валадарства стала адзіным сэнсам і адзінай мэтай нашага жыцця. Тады з’явяцца і няўхільнасць, і настойлівасць.

Як сябар пазнаецца ў бядзе, так і вера пазнаецца праз жыццёвы вопыт і нашу ў ёй трываласць. Нам варта заўсёды быць падрыхтаванымі, каб складаныя жыццёвыя рэаліі не сустрэлі нас нечакана і каб мы з-за гэтага не былі збянтэжанымі. Давайце трымацца слова Божага, таму што гэта наша сіла і дапамога на шляху да пакаяння.

кс. Кiрыл Бардонаў, sb.by

для друку для друку