“Наша гісторыя і наша будучыня ў нашых руках”: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на ўрачыстасці ў Браславе

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў прайшлі ў скарочаным фармаце. Не было радасных воклічаў і спеваў пілігрымак, якія штогод пешшу прыбывалі ў санктуарый, не было начной Літургіі і ружанцовай малітвы з працэсіяй святла па горадзе.

22 жніўня кульмінацыяй урачыстасці павінна была стаць галоўная Імша на палявым алтары. Яшчэ за паўгадзіны перад пачаткам пляц быў амаль пусты. Здавалася, святкаванне будзе ў “цесным коле”, яшчэ і надвор’е хмарнае і з ветрам. У гэтым годзе таксама не было Школы касцельнага спеву, на заканчэнне якой удзельнікі “ствараюць” хор і ўпрыгожваюць сваім спевам галоўную Літургію.

Але загучала музыка і пачуліся словы:
“Мы дзеці Твае, Насвяцейшая Пана Марыя!

Наш Браслаўскі край сваім матчыным вокам акінь!

Над сінім прасторам хай ясны Твой воблік іскрыцца
і Боскім святлом нас ад чорнай бяды барані!” – заспяваў парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Іны Сапун і распачалася ўрачыстая святая Імша з працэсіі святароў і біскупаў. Шматлікія вернікі і госці санктуарыя, якія прыбылі на свята, усё ж такі сабраліся на пляцы і сустракалі працэсію, на пачатку якой мужчыны неслі копію абраза Маці Божай Браслаўскай

“Урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Браслаўскай, Валадаркі азёраў – Валадаркі нашых сэрцаў, зноў збірае сваіх дзяцей”, — распачаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, і скіраваў словы прывітання да шаноўных гасцей: арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і архімандрыта Сяргея Гаека, які сёлета адзначае 50-годдзе манаскага жыцця.

Ардынарый дыяцэзіі прывітаў і пілігрымаў, хоць нешматлікіх, але ўсе ж былі: на роварах прыехалі 4 асобы з Мёраў і 5 чалавек з Глыбокага. Быў  і адзін пілігрым, які другі раз прыходзіць пешшу ў Браслаў у адзіноце. Гэта Генадзь Бервячонак з Глыбокага. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне, арганізаваных пешых пілігрымак гэтым летам не было, таму спадар Генадзь вырашыў самастойна іх здзейсніць: з Росіцы ў Будслаў, з Барысава ў Росіцу, з Глыбокага ў Браслаў. За 20 дзён свайго падарожжа ў розныя санктуарыі было пройдзена 630 км, сам насам з Богам і поўным Яму даверам.

Генадзь Бервячонак разам са сваім сынам Станіславам, які прыехаў у Браслаў на ровары

На самым пачатку Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў, што пандэмія каранавірусу, якая не толькі змяніла пастырскія планы, але агаліла шматлікія праблемы, грамадскага, палітычнага, а таксама і рэлігійнага жыцця. Іерарх падкрэсліў, што чалавек, які ўяўляў сябе валадаром гэтага свету, аказаўся малаістотным, які сам нічога не можа зрабіць. І гэты маленькі вірус паставіў на калені магутных гэтага свету. “Нас ахапіў і іншы вірус – вірус грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. Гэта таксама пандэмія, з якой мы спаткаліся і якой павінны адказаць. І ўжо бачна, што трэба адказваць разам з Богам, браць прыклад з Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адказала Богу “так”. Толькі ад перамены сэрцаў можна распачаць перамены грамадскага, палітычнага і эканамічнага жыцця”.

Сёлета, у 100-гадовы юбілей нараджэння святога Яна Паўла ІІ, які напачатку свайго пантыфікату сказаў: “Не бойцеся! Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту”, арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў адчыніць свае сэрцы Хрысту і ў гэты лёсавызначальны час маліцца ў інтэнцыях нашай Бацькаўшчыны, каб праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, былі як мага хутчэй вырашаны, і вырашаны на карысць народа і краіны.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што адной з самых папулярных марыйных рэлігійных песняў у ЗША сёння з’яўляецца “Mary, Did You Know?” (Марыя, ці Ты ведала?”) і нагадаў некалькі радкоў з яе: “Марыя, ці Ты ведала, што станеш Маці Збаўцы? Марыя, ці Ты ведала, што калі будзеш цалаваць Свайго Сына, будзеш цалаваць вобраз Бога? Марыя, ці Ты ведала, што Твой Сын будзе чыніць цуды? Марыя, ці Ты ведала, што Твой Сын будзе ўваскрашаць памерлых? Марыя, ці Ты ведала, што Твой Сын будзе хадзіць па вадзе? І г.д.”

Сённяшняе Евангелле пра сцэну Звеставання дае адказ, што Марыя добра ўсё ведала. Яна не ўцякала ад Бога, вяла дыялог з Богам праз Арханёла Міхала. Перад Марыяй было вялікае заданне і невядомая будучыня. А сёння Марыя вучыць нас адказваць Богу “так”.

— У нашай гісторыі грамадска-палітычны крызіс. Як зноў вярнуць мір на вуліцы і плошчы нашых гарадоў? Мы не вырашым гэтыя праблемы ні зброяй, ні АМАПам, ні зняволеннем. Трэба паглядзець на праблему ў праўдзе і распачаць перамену духоўнага жыцця, — заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш і дадаў, што мы павінны браць прыклад з Найсвяцейшай Панны Марыі, бо Яна ішла ў невядомае, але з Божай ласкай.

Напрыканцы Імшы біскуп Алег Буткевіч зачытаў Акт прысвячэння ўсёй дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы азёраў і Малітву за Айчыну (паводле св. Яна Паўла ІІ).

Перад бласлаўленнем арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў: “Сёння ў гэты складаны час мы з надзеяй глядзім у будучыню, і яна будзе так светлай, як сёння стаў светлым гэты дзень. Былі хмары і вецер, а потым з’явілася сонейка. Марыя, пакажы яшчэ раз, што Ты з’яўляешся нашай Маці, што кожнага з нас ахінаеш Сваім плашчом, а ты — народ Божы, які нягледзячы на пандэміі, так шмат прыбыў сюды, паўтарай разам з Марыяй гэтае “Так”, каб у цемры сучаснасці нашай Бацькаўшчыны заззяла святло Божай ласкі, Евангелля, праўды і любові да бліжняга. Наша гісторыя і наша будучыня ў нашых руках. Выкарыстаем гэты шанец, распачынаючы ад перамены саміх сябе. Як не мы, то хто? Як не сёння, то калі?”

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы>>

для друку для друку