Нарачанцы рыхтуюцца адзначыць 25-годдзе служэння кармэлітаў босых у Нарачы

naroch14 снежня ў 10.30 у касцёле ў Нарачы будзе цэлебравацца святая Імша-падзяка за 25 год служэння айцоў-кармэлітаў у нарачанскай парафіі.

14 снежня 1989 года, роўна 25 год таму, у Нарач прыехаў першы кармэліт з Польшчы а. Аўгусцін Квяткоўскі OCD і ў гэты дзень цэлебраваў святую Імшу ў мясцовым касцёле. Да гэтага часу парафія не мела святара і толькі па нядзелях і святах даязджаў кс. Люцыян Паўлік з Задарожжа.

З прыездам айцоў-кармэлітаў пачалася новая старонка ў жыцці нарачанскай парафіі, і 14 снежня вернікі збяруцца на супольную малітву праслаўлення і падзякі за адраджэнне веры і духоўнасці не толькі ў Нарачы, але і ва ўсім нашым краі.

Нарачанская моладзь таксама не застаецца без удзелу ў гэтай падзеі. Яна рыхтуецца да правядзення акцыі “Паштоўка падзякі”, падчас якой маладыя нарачанцы пашлюць віншавальную паштоўку-падзяку кожнаму айцу-кармэліту, які калісьці працаваў у Нарачы. Для моладзі правядзенне гэтай акцыі дасць цудоўную магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй сваёй роднай парафіі, каб да наступнага юбілею ім было што расказаць сваім дзецям.

Паводле naracz.na.by

для друку для друку