- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Напярэдадні Пальмовай нядзелі ў Паставах прайшла сустрэча моладзі (+відэа)

[1]У суботу, 8 красавіка, у Паставах пры парафіі святога Антонія Падуанскага прайшло спатканне моладзі Пастаўскага дэканату. На сустрэчу сабраліся маладыя людзі з Лынтупаў, Варапаева, самі гаспадары. Прысутнічалі і госці з Глыбоцкага дэканату, а менавіта моладзь з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

Пастаўскі дэкан ксёндз Павел Самсонаў лічыць такія сустрэчы вельмі важнымі як для саміх маладых людзей, так і для Касцёла ў Беларусі: “На самай справе гэта вельмі вялікая адказнасць, бо моладзь – гэта будучыня нашага касцёла і нашай Беларусі.  Калі мы адкінем моладзь, то хто ў перспектыве будзе ў святыні? Старэйшае пакаленне ўжо адыходзіць, а малодшае цікавіцца ўжо іншымі справамі, і для іх рэлігія і касцёл – гэта перажыткі сярэднявечча, нешта старое. А на такіх сустрэчах моладзь з розных парафій, а сёння нават з розных дэканатаў, бо ёсць моладзь з Глыбокага, знаёмяцца паміж сабой, дзеляцца сваімі перажываннямі, уражаннямі, і для іншых паказваюць магчымасць цешыцца ў супольнасці касцёла.”

[2]

Сустрэча распачалася як і належыць вернікам з малітвы “Ойча наш”. Затым моладзь з Лынтупаў паказала прэзентацыю пра сваю парафію. У іх маецца араторыюм, будынак, дзе збіраецца моладзь, каб разам не толькі маліцца, але і бавіць свой вольны час, тут працуюць розныя гурткі па інтарэсах.

“Для мяне лынтупская парафія класная тым, што ў нас ёсць свой араторыўм, там вельмі шмат ёсць заняткаў, дзеці сустракаюцца, гуляюць. Ёсць колы з заняткамі па кулінарыі, з танцавальным гуртком”, — адзначае Вікторыя Цюкша з Лынтупаў.

Пасля лынтупскай парафіі выступіла моладзь з Варапаева. Прадстаўнікі парафіі Міхала Арханёла паказалі сцэнку пра ўзаемадзеянне духа, душы і цела. Згодна з гэтым прадстаўленнем, Госпад пасылае чалавека на місіянерскую працу ў Кітай. Душа і Цела спачатку супраціўляюцца гэтаму, яны баяцца сустрэцца з цяжкасцямі, баяцца згубіць нават жыццё. Але Дух Божы ўрэшце перамагае і ў місіянера з’яўляецца першы поспех, ён дапамагае хворай кітайскай жанчыне, а ў выніку дапамагае і сабе пераадолець страх і атрымаць  сапраўдную радасць ад сваёй дзейнасці.

[3]

“Вельмі шмат у нас праходзіць сустрэч, кожную нядзелю мы спяваем, займаемся рознымі справамі, якія мы павінны выконваць для парафіі”, — распавядае пра жыццё ў парафіі Аляксандра Вырвіч.

“Я прыйшоў нядаўна ў касцёл, паўтары гады таму. Я быў праваслаўным, але сюды паклікалі сябры. Мне больш падабаецца ў касцёле, тут цікава, збіраюцца вернікі, моладзь”, — дапаўняе Аляксандру яе цёзка Аляксандр Тамчук.

Аляксандра Вырвіч адзначае: “Самае галоўнае, для чаго мы ходзім у касцёл – гэта вера, вера ў Бога, і вельмі добра, што вера нас яднае, бо не ўсе мы тут раней былі сябрамі. Але калі мы верым у Бога, то яна павінна нас яднаць. І не толькі вяселлем – песнямі, гульнямі, але і сама вера”.

Моладзь з глыбоцкай парафіі Святой Тройцы паказала сцэнку, прысвечаную святкаванню ў гэтым годзе 500-годдзя выдання беларускай Бібліі. У прадстаўленні было паказана, як не трэба абыходзіцца з гэтай святой кнігай.

[4]

Чаму варта чытаць Біблію, тлумачыць Марыя Малец: “Найперш у Бібліі апісваюцца многія якасці чалавека. І для чалавека важна яе чытаць, бо яна натхняе, надае табе моцы.”  “…дапамагае жыць, верыць у Бога, ісці да Яго,” – дапаўняе сяброўку Марыя Іваноўская.

Моладзь з пастаўскай парафіі праспявала песню пра Божую любоў, а таксама павіншавала адну са сваіх сябровак з Днём нараджэння, які яна адзначала якраз у гэты дзень.

Потым дыякан Алег Хмылко прэзентаваў для моладзі мабільны дадатак для смартфонаў і планшэтаў “Каталіцкі малітоўнік”, які распрацавала мінская моладзь разам з а. Андрэем Сідаровічам МІС. З дапамогай гэтага дадатку таксама можна чытаць Біблію.

Мы пацікавіліся ў моладзі, ці варта, на іх думку, праводзіць такія сустрэчы каталіцкай моладзі.

“Такія моладзевыя сустрэчы больш прыцягваюць да Бога, каб моладзь не піла, не курыла, яны далучаюць да Бога, далучаюць да веры,” – кажа Маскім Плюта з Глыбокага. Пра сённяшнюю сустрэчу юнак выказаўся так: “Вельмі пазнавальнае мерапрыемства, добрыя людзі, добра да нас адносяцца”.

“Гэтыя сустрэчы даюць нам шмат знаёмстваў, што немалаважна. Нават зараз, калі мы прыехалі на гэту сустрэчу, пабачылі шмат знаёмых, з якімі сустракаліся не толькі тут, у Ппаставах, але і ў Глыбокім, у Полацк мы таксама ездзілі. Калі моладзь разам весяліцца, танчыць, і калі разам верыць у Бога, то гэта вельмі добра,” — адзначае Аляксандра Вырвіч.

“Такія сустрэчы трэба праводзіць. Прыязджаць, сустракацца з моладдзю, шукаць новыя знаёмствы з людзьмі,” – выказваецца Вікторыя Цюкша.

“Я вельмі ўзрадавалася, калі дыякан сказаў, што мы можам паехаць у Паставы, бо ўсю восень і зіму нас нікуды не запрашалі, а тут я шмат знаёмых сустрэла,” — кажа Марыя Малец.

Потым моладзі прачыталі ўрывак з Евангелля, дзе гаворыцца пра добрае насенне і каласоўнік. Моладзь падзялілася на пяць груп і кожная група атрымала заданне, згодна з якім яны павінны намаляваць, якія асацыяцыі у іх выклікае гэты ўрывак са Святога Пісання.

[5]

Моладзь выказвае падзяку сёстрам законным, якія працуюць з імі ў парафіях. Маладыя людзі таксама рыхтуюць для сябе змену.

“Сама сястра нас збірае, бо раней моладзі хадзіла менш. А больш моладзі – гэта заўсёды весела,”  — адзначае Аляксандр Тамчук.

“Прыемна тое, што мы расцём, становімся больш дарослымі, але пасля нас прыходзяць малодшыя дзеці, якія таксама пасля нас будуць хадзіць у касцёл і будуць працягваць разам верыць у Бога і разам праслаўляць Яго”, – дапаўняе сябра Аляксандра Вырвіч.

Пасля кава-паўзы моладзь накіравалася ў храм, дзе прадстаўнікі варапаеўскай парафіі паказалі пантаніму “Вызвалі мяне”, якая вельмі спадабалася ўсім прысутным.

А потым адбылася адарацыя Крыжа. Былі прачытаныя разважанні пра значэнне яго ў нашым жыцці, маладыя людзі падыходзілі па чарзе да Крыжа, станавіліся на калені і клалі камень як сімвал граху.

[6]

Пра гэту ідэю распавядае ксёндз Павел Самсонаў: “Гэта ў першую чаргу адказнасць для нас, бо мы павінны нешта для іх падрыхтаваць, каб ім не было сумна. І адказнасць у тым, каб мы маглі паказаць ім веру і перадаць яе. Калі былі запусты, то можна было зрабіць дыскатэку, нейкія гульні, а ў Вялікім посце што зрабіць, як прамовіць да моладзі, да іхняга сэрца, да іх веры. І такая ідэя ўзнікла – гэта адарацыя Крыжа”.

Пасля адарацыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў пастаўскі дэкан. На пачатку богаслужэння ён адзначыў, што ў свой час для габрэяў крыж з’яўляўся ганьбай, а зараз для нас з’яўляецца знакам Божай любові.

Сваё слова да вернікаў скіраваў ксёндз Павел Кнурэк з Лынтупаў. Ён звярнуў увагу, што тыя самыя людзі, якія ў Пальмовую нядзелю ўрачыста віталі ўваход Езуса ў Іерусалім, праз некалькі дзён крычалі Пілату: “Укрыжуй Яго”. “Мы таксама не лепшыя, — адзначыў з гэтай нагоды ксёндз Павел, — і вельмі часта таксама здраджваем свайму Збаўцу. Мы ўяўляем Божую справу так, як нам гэтага хочацца, а не згодна з Божай Воляй.”

Сваё казанне ксёндз Павел прамовіў проста, даступна і мудра, на зразумелых для моладзі прыкладах.

Падводзячы вынікі гэтай сустрэчы кіраўнік Пастаўскага дэканату адзначыў: “Маю надзею, што гэта сустрэча была плённай. Такія сустрэчы ў нашым дэканаце прыкладна раз на тры месяцы адбываюцца, а калі ёсць якая нагода, то і часцей. Цяпер, пакуль зіма, гэтыя сустрэчы адбываюцца ў Паставах, бо тут цёпла. А потым будзем выязджаць у іншыя парафіі. Я вельмі задаволены гэтай сустрэчай, і гэта вельмі адказна, каб наша будучыня ўзрастала ў веры, дабры і несла гэта дабро для іншых людзей.”

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа