“Наноў зазірніце ў раны Хрыста!”: Вялікая пятніца ў Глыбокім

Набажэнства Вялікай пятніцы ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім распачалося Крыжовай дарогай, падчас якой разважанні былі прысвечаны сямейнай тэматыцы, а крыж па чарзе неслі святары.

“Дзякуй Табе, Езу, што запрасіў нас на гэты Крыжовы шлях. Запрасіў вуснамі святара, вуснамі мужа ці жонкі, вуснамі таты ці мамы, вуснамі сына ці дачкі. Увесь час жывём у напружанасці i часта не знаходзім нават хвіліны, каб задумацца над сваім жыццём. Сёння хочам паглядзець на свае сужэнствы i адносіны ў нашых сям’ях праз прызму Крыжовага шляху.”

У 19 гадзін распачалася Літургія Мукі Пана. У Вялікую пятніцу не адпраўляецца св. Імша, таму святары, выйшаўшы на касцёл, леглі крыжам перад алтаром, а вернікі тым часам укленчылі.

Затым распачалася літургія слова. Вікарый парафіі кс. Яўген Міхайлаў падчас казання звярнуўся да прысутных: “Кожны дзень, прачынаючыся ад сну, аглядаем з адноўленай моцай і свежым позіркам навакольны свет, памяшканне, іншых. У духоўным жыцці таксама патрабуем такога новага позірку на таямніцы Хрыста і Касцёла. Мы прызвычаіліся да крыжоў, малітваў, св. Імшы. Яны ў нашай свядомасці паволі перастаюць па-сапраўднаму быць духоўнай падтрымкай, вялікай каштоўнасцю. Крыж усё больш становіцца для нас часткай традыцыі, культуры і моды.

Невыпадкова, сёння будзем ушаноўваць крыж, які вісіць пры ўваходзе ў нашу святыню. Магчыма ён стаў для нас традыцыйным і звычайным, а не цудадзейным. Сёння, у Вялікую пятніцу, як калісьці ля крыжа Езуса стаяла Маці Ягоная, Марыя Клеопава і Марыя Магдалена, мы стаім ля крыжа, каб зазірнуць у раны Хрыста і зразумець для чаго Божы Сын церпіць і памірае ганебнай смерцю”.

Падчас прамовы святар звярнуў увагу на два выдарэнні, якія адбыліся пад крыжам на Галгофе:

  1. Перад смерцю Езус прамаўляе словы: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?” Сінонімамі пытання “чаму?” з’яўляецца пытанне “дзеля каго? дзеля якой мэты я паміраю?” Такім чынам гэта пытанне з крыжа адрасавана не толькі Богу Айцу, але і чалавецтву, на якое сёння кожны з нас павінен адказаць асабіста.
  2. Пад крыжам адбываецца наша новае нараджэнне і стварэнне. Жаўнер прабівае дзідай бок Езуса. У гэтым кантэксце “прабівае” азначае “адкрывае”. Жаўнер адкрывае сэрца Езуса. У Старым Запавеце гэта слова ўжываецца пры апісанні стварэння чалавека, калі Бог адкрыў бок Адама, узяў рабро і стварыў з яго жанчыну Еву.

Не трэба шмат даказваць, што грэх руйнуе нашае духоўнае і фізічнае жыццё. Таму пад Хрыстовым Крыжом для кожнага пачынаецца новае жыццё, абноўленае прабачэннем і любоўю Бога.

У час Літургіі Вялікай пятніцы вернікі адаруюць Дрэва Крыжа — сімвал перамогі над грахом і смерцю, яднаюцца з Хрыстом у святой Камуніі і чуваюць пры грабніцы.

для друку для друку