Наколькі падрабязна трэба казаць аб сваіх грахах на споведзі?

http--www.stihi.ru-pics-2011-02-01-347Кожны раз, калі я іду на споведзь, я сумняваюся, ці правільна каюся ў сваіх грахах. Не маглі б вы даць дакладную схему, што і як казаць, як называць свае грахі, наколькі паглыбляцца ў дробязі?

Існуе вельмі шмат схемаў іспытаў сумлення, які мы праводзім, рыхтуючыся да споведзі. Нагадаем, што вызнанне цяжкіх (смяротных) грахоў абавязковае, вызнанне жа паўсядзённых (звычайных) грахоў пажадана. Няма нейкай адзінай схемы.

У споведзі неабходна пералічваць усе смяротныя грахі, якія мы памятаем, іх колькасць (хаця б прыкладная) і род. Казаць трэба вельмі ясна і без лішніх слоў, не паглыбляючыся ў дэталі, але паказваючы на тыя абставіны, якія змяняюць выгляд і цяжар граху. Напрыклад, недастаткова сказаць пра гнеў, калі ў гневе мы паднялі руку на чалавека. І калі гэты чалавек — маці ці, скажам, святар, то пра гэта таксама варта сказаць, паколькі гневаючыся мы грэшым супраць бліжняга, наносячы яму крыўду, а падымаючы руку, мы грэшым супраць яго недатыкальнасці, але ў выпадку маці мы грэшым яшчэ і супраць запаведзі аб шанаванні бацькоў, а ў выпадку святара — здзяйсняем і святатацтва.

Зноў жа, калі мы абгаварылі бліжняга, нашкодзіўшы яго рэпутацыі, то недастаткова сказаць «асуджаў», — трэба назваць грэх сваім імем, паколькі свядомы паклёп — гэта смяротны грэх. Нагадаем, што на споведзі абавязкова трэба каяцца ў такіх смяротных грахах (зробленых свядома і пры згодзе волі), як: удзел у спірытычных сеансах, зварот да варажбітак, чараўнікоў і шаптушак; блюзнерства; пропуск Святой Імшы без важнай прычыны ў нядзелю і прадпісаныя святы; прыняцця Святой Камуніі без папярэдняга вызнання смяротных грахоў; замоўчванне смяротных грахоў на Споведзі; здзяйсненне аборту або савет зрабіць аборт; ужыванне наркотыкаў, п’янства; грахі супраць чыстасці — сам-насам з сабой або з іншымі людзьмі (пералік гэтых грахоў можна знайсці ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла); наўмысны прагляд амаральных відовішчаў і часопісаў; паклёп на бліжняга.

Пры рахунку сумлення несмяротных грахоў варта адказаць сабе на такія пытанні:ці не ўхіляўся я ад малітвы? Ці надаю я ўвагу свайму духоўнаму жыццю, ці імкнуся да святасці? Ці выконваю абяцанні, дадзеныя Богу? Ці быў я прычынай слёз для маіх бацькоў, мужа, жонкі, дзяцей? Ці бяру адказнасць за сваю сям’ю? Ці стаўлюся з павагай да бацькоў, да старэйшых, ці выконваю свае абавязкі ў вучобе і на працы? Ці стаўлюся з любоўю да сваіх блізкіх? Ці дарую крыўды, пазбягаючы помсты? Ці змагаюся я з нячыстымі намерамі і фантазіямі? Ці цнатлівая мая мова? Ці з павагай стаўлюся да чужой маёмасці? Ці не прагну несумленнага прыбытку? Ці асуджаю я іншых, ці з’яўляюся прычынай разнагалоссяў і сварак? Ці не падманваю, не даю фальшывых сведчанняў? Ці не стаўлюся да людзей з падазронасцю і прадузятасцю? Ці быў я сціплым і цнатлівым ў сваіх паводзінах? Ці не глядзеў на іншых людзей з пажадлівасцю? Ці не зайздрошчу я чужым выгод? Ці не стаўлюся да іншых з пачуццём перавагі і ганарыстасцю?

Нагадаем таксама парадак здзяйснення сакраманту паяднання. Спачатку неабходна сказаць святару, колькі часу прайшло з апошняй Споведзі. Затым неабходна пералічыць усе смяротныя грахі і потым — усе астатнія, наколькі дазваляе памяць. На прыканцы спавядаючыся прамаўляе акт скрухі. У любым выпадку, калі мы не ведаем, як падыходзіць да Споведзі, дастаткова папрасіць святара аб дапамозе, і ён сам задасць неабходныя пытанні і падкажа парадак здзяйснення гэтага сакрамэнту.

Жадаем, каб кожная Споведзь была для вас сапраўдным святам прабачэння і прымірэння.

grodnensis.by

для друку для друку