Начное чуванне моладзі прайшло ў Полацку

“Не рэтушуйце свайго сэрца” — пад такой назвай з 17 на 18 сакавіка ў Полацку адбылося Дыяцэзіяльнае чуванне моладзі. Каля 130 маладых людзей з Полацка і Наваполацка, Браслава і Мёраў, Мосара і Пастаў, Варапаева і Глыбокага, Оршы і Віцебска прынялі ў ім удзел.

Сустрэча распачалася канферэнцыяй, якую прамовіў ксёндз Алег Хмылко. Абапіраючыся на словы і навуку для моладзі Папы Францішка, святар прыблізіў актуальную для маладых людзей тэму пра тое, што можна змяняць, так сказаць «рэтушаваць» сваё сэрца, паставу, сваю рэальнасць. Але Езус прагне бачыць людзей сапраўднымі, Ён хоча, каб чалавек не хаваўся ад сябе і рэчаіснасці ў віртуальны свет, а для сучаснага маладога чалавека гэта вельмі актуальна.

Пасля вясёлай сяброўскай вячэры, дзе моладзь магла сустрэцца разам і дзяліцца сваёй радасцю, адбылося прадстаўленне парафій. Хтосьці спевам, хтосьці пантамімай дапамог наблізіць разважанне на тэму Вялікага посту і тэмы начнога чування. Падчас такіх прадстаўленняў кожны адчуваў падтрымку, бо гэта момант, дзе можна падзяліцца сваім талентам з іншымі.

Удзельнікі ахвотна карысталіся і з магчымасці споведзі. Пры канфесіяналах арганізаваліся вялікія чэргі. Таксама можна было паразмаўляць са святаром.

Святую Імшу апоўначы ўзначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. У гаміліі іерарх нагадаў, што час Вялікага посту — гэта час, калі павінны пазбавіцца фальшывых вобразаў. І толькі Езус можа ачысціць нашае сэрца. Пасля Літургіі моладзь дыяцэзіі павіншавала біскупа Алега з днём нараджэння, жадаючы шмат сілаў і натхнення.

Падчас гарбаты можна было паслухаць крыху жывой музыкі, гучаў раяль. Усе пункты праграмы чування рыхтавала моладзь, таму была заўважана зацікаўленасць саміх маладых людзей у арганізацыі.

Падчас Адарацыі і Крыжовага Шляху можна было зрабіць добры рахунак сумлення, паглядзеўшы ўсур’ёз на сваё жыццё. Гэта заўсёды момант асабістай сустрэчы з Езусам. Па тварах маладых людзей было бачна, што малітва пранікала ў сэрца і ў будучым прынясе багаты плён.

Другую катэхезу дапамагалі праводзіць аніматары, якія ў сваёй групе на розны спосаб тлумачылі Евангелле з нядзельнай Літургіі. Актыўныя заданні дапамаглі маладым людзям упоўні чуваць.

Малітвай на ружанцы і святарскім бласлаўленнем скончылася чарговае чуванне моладзі. Кожны ад’язджаў напоўнены радасцю і супакоем, а па словах удзельнікаў можна з упэўненасцю казаць, што такія сустрэчы проста неабходны сучаснаму маладому чалавеку.

С. Таццяна Гмыза, тэкст і фота

для друку для друку