На «зажынках» у Ваўкавыскім раёне каталіцкі і праваслаўны святары благаславілі камбайны

З пачаткам уборачнай кампаніі, перш чым распачнецца жніво, у многіх вёсках традыцыйна ладзяць “зажынкі”. Часта запрашаюцца таксама святары, каб разам памаліцца і каб яны маглі благаславіць хлебаробаў на працу збору жніва.

13 ліпеня філіял “Ізабэлінскі Дом культуры” сумесна з работнікамі філіяла “Мацвееўскі Дом культуры” правялі абрад “А ў нас сёння зажыначкі!”. Асноўным сімвалам зажынак заўсёды з’яўляецца сноп-прыгажун, зжаты сярпамі і працавітымі рукамі жанчын-жнеек. І зжаць першы зажыначны сноп – сімвал багатага ўраджаю, хлебаробчага году – былі запрошаны жнейкі.

Таксама былі запрошаны каталіцкі і праваслаўны святары, якія на пачатак добрай справы прачыталі малітву i акрапілі святой вадой збожжаўборачныя камбайны і экіпажы. Kаталіцкі Касцёл прадставіў пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне кс. Генадзь Кухарэвіч.

““Благаславі, Божа, жыта зжаці і надвор’е добрае даці!” Менавіта так прамаўлялі ў даўнія часы нашы продкі перад тым, як прыступіць да ўборкі збожжа. Яны праводзілі абрад зажынак – свята ў гонар збору новага ўраджаю. На ўскрайку ячменнай нівы каля вёскі Мацвееўцы радком выстраіліся экіпажы хлебаробаў са сваімі камбайнамі, гатовыя да чарговай бітвы за ўраджай. І каб уборка прайшла на належным узроўні, без затрымак і страт, у аптымальны тэрмін, у гаспадарцы вырашылі аддаць належнае даўняму звычаю”, – паведамляе Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры.

grodnensis.by

для друку для друку