На якой мове маліцца?

molitva_mova“Хвала Хрысту! У якіх дакументах абумоўліваецца выкарыстанне беларускай мовы ў набажэнствах, а ў якіх – польскай?”

 Адказвае кс. Валерый Марціноўскі, г. Гарадок (Віцебская дыяцэзія):

– Справу мовы ў Касцёле рэгулюе Канстытуцыя пра святую Літургію Другога Ватыканскага сабору Sacrosanctum Concilium. У пункце №36 мы чытаем наступнае: § 1. У лацінскіх абрадах захоўваецца выкарыстанне лацінскай мовы, за выключэннем выпадкаў, вызначаных мясцовым правам. § 2. Аднак паколькі ў св. Імшы, пры цэлебрацыі сакрамантаў і ў іншых частках Літургіі выкарыстанне нацыянальнай мовы нярэдка можа быць вельмі карысным для вернікаў, яе можна шырэй выкарыстоўваць, асабліва ў чытаннях і настаўленнях, у некаторых малітвах і спевах адпаведна з нормамі, якія ў гэтай справе будуць дэталёва акрэслены ў наступных раздзелах (гэтай канстытуцыі. – Заўвага аўтара).

Калі мы кажам пра юрыдычныя нормы, якія акрэсліваюць выкарыстанне нацыянальных моваў у Паўсюдным Касцёле, то варта назваць наступныя каноны Кодэкса кананічнага права:

Кан. 826 §2, 838 §2 і §3 (выдаванне і пераклад літургічных кніг), кан. 825 (выдаванне перакладаў Св. Пісання), кан. 249, 257 §2 (адукацыя семінарыстаў), кан. 928 (адпраўленне Св. Імшы).

Што датычыць партыкулярнага Касцёла ў Беларусі (акрамя Гродзенскай дыяцэзіі), абавязковымі разам з агульнакасцельнымі законамі з’яўляюцца Статуты сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій 2001 г. Хоць яны не змяшчаюць канкрэтных прадпісанняў адносна мовы ў Літургіі, але ва ўступе да Статутаў ёсць апісанне працы Сіноду, дзе змешчана таксама невялікая заўвага пра мову. Вось гэты тэкст: «У Літургіі, набажэнствах, карэспандэнцыі, сінадальных публікацыях абавязковай была беларуская і польская мовы…».

Таму, хоць няма канкрэтнага дакумента ў справе мовы падчас набажэнстваў у тых дыяцэзіях, дзе абавязваюць нормы Сіноду, але тым не менш ёсць узор, якімі мовамі можам карыстацца ў касцёле на Літургіі: лацінскай, беларускай і польскай. Што да выбару між беларускай і польскай мовамі, то святары кіруюцца душпастырскім меркаваннем у дадзенай справе згодна з распараджэннямі мясцовага біскупа.

для друку для друку