На тэлеканале італьянскага епіскапату выйшаў першы эпізод праграмы з Папам Францішкам

У эфір выйшаў першы эпізод праграмы “Ойча наш” з Папам, вядучым якой выступіў кс. Марка Поца, малады турэмны капелан з Падуі.

25 кастрычніка 2017 г. на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000” Пантыфік узгадаў эпізод з свайго дзяцінства, калі яму выдалілі міндаліны і адразу пасля аперацыі далі марозіва. “Бог вялікі, Бог хвалы, ідзе побач з табой і дае табе чыстае марозіва, калі гэта неабходна”, — сказаў Францішак.

Тэлепраграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і “TV2000”. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. Першая прайшла з удзелам пісменніцы Сільвіі Авалонэ. У эфір выйдзе дзевяць эпізодаў.

“Нябёсы – сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з кс. Поца — азначаюць веліч Божай усемагутнасці. Ён з’яўляецца Першым, Ён – вялікі, ён стварыў нас. Нябёсы азначаюць бязмежнасць Яго ўлады, Яго любові, Яго прыгажосці”, — патлумачыў Пантыфік першыя словы малітвы “Ойча наш”.

Святы Айцец узгадаў свайго бацьку і прызнаўся, што ў дзяцінстве, пасля паездкі ў таксі, думаў, што ён з’яўляецца “гаспадаром усіх машын у горадзе”, некім вельмі значным, і ў той жа час вельмі блізкім яму чалавекам. Гэты досвед дзіцяці, лічыць Папа, дапамагае нам зразумець “адносіны паміж веліччу Бога і Яго блізкасцю”.

З адказаў Папы Францішка ў рамках праграмы “Ойча наш” таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі 23 лістапада 2017 г.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку