На шляху да святасці

naboznostВера бывае рознай. І знешняе – не заўсёды люстэрка ўнутранага, а ўнутранае можа нават не выяўляцца знешне. Прапануем Вам задумацца над сваім духоўным жыццём і паразважаць над тым, ці не ілжывая наша набожнасць: ходзім у касцёл з прывычкі або з вялікай радасцю, молімся напаказ або на хвалу Бога, робім дабро дзеля ўласнай выгады або адказваем на заклік сэрца…

“Я ў Богу” або “Бог ува мне”?

Варта размяжоўваць набожнасць “здаровую” і “нездаровую”. Да “нездаровай” набожнасці можна аднесці афектаваную – перабольшана эмацыйную, падкрэсленую і штучную. Такая вера характэрна людзям, якія, праслаўляючы Бога, займаюцца самалюбаваннем, шукаюць асалоды ад працэсу, а не ад самой сутнасці.

Так, напрыклад, вернік збіраецца ў касцёл з думкай “мяне ж убачаць столькі людзей” і апранае сваё самае прыгожае адзенне. Каб усе заўважылі, прыходзіць і сядае ў першыя лаўкі. Як жа ён цешыцца, калі нехта ацэньвае ўбранне і гаворыць нешта прыемнае. І нібы для Бога апранаецца, а атрымоўваецца, каб задаволіць сябе.

Або вырашае вернік маліцца спевам. І не заўважае, як пагружаецца ў сябе і пачынае засяроджана лавіць па пакоі сваё чыстае эха: “які ж у мяне прыгожы голас”. Бог адыходзіць кудысьці на другі план.

Існуе яшчэ адна разнавіднасць “нездаровай” набожнасці – набожнасць напаказ або ханжаства. Гэта дэманстратыўная форма набожнасці пры таемнай або відавочнай нявернасці вызнаваным ідэям. Уявім сабе верніка, які прыходзіць у касцёл “для бацькоў” або “для пробашча”, з якім добра знаёмы. Навошта? Вобраз набожнага верніка гарантуе прыемныя бонусы: супакой блізкіх, павагу духавенства.

Як бачым, паводзіны такога чалавека разлічаны галоўным чынам на публіку або для самаапраўдання. Некаторыя людзі посцяцца “напаказ”: афішуюць, колькі сіл імі прыкладаецца для ачышчэння душы і цела.

На самой справе, каэфіцыент карыснага дзеяння пакаяннага перыяду змяншаецца з-за піяру “сябе ў посце”. Чалавек узносіць свае намаганні на пастамент замест таго, каб стаць гэтым самым пастаментам. Ханжа прыкладае да іншых стандарты, якія адмаўляецца ўжываць да сабе. Вось, напрыклад, прыйшла жонка дадому пасля Імшы і сварыцца на мужа за нейкія дробязі. І гадзіны не мінула, як яна слухала казанне святара аб умеркаванасці ў словах, а паступае наадварот, апраўдваючыся: “у маёй сітуацыі прамаўчаць нельга”. А, можа, проста сказаць па-іншаму?

Сярод людзей часам можна сустрэць крывадушную набожнасць, калі чалавек няшчыры ў сваіх дзеяннях, двудушны. Так здараецца, калі вернік, напрыклад, не даглядае бацькоў, а змяшчае іх у дом састарэлых. І нібы ёсць “уважлівая” прычына – “увесь час працую, персанал забяспечыць лепшы догляд”. А ў нядзелю – да Бога… які пакінуў людзям запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. І атрымліваецца, што амаральным учынкам прыпісваецца псеўдамаральны сэнс.

Падобныя сітуацыі таксама можна назіраць за набожным знешне чалавекам, які нешта крадзе з працы. У яго галаве – “мне сям’ю карміць трэба”, а на вуснах – “хлеба нашага штодзённага дай нам сёння”.

Сярод вернікаў існуе і абрадавая набожнасць. Часцей за ўсё яна характарызуе людзей, якія прытрымліваюцца рэлігіёзных звычаяў па ўзоры астатніх (“бо ўсе так робяць”), не разумеючы самой сутнасці духоўных рэчаў. Так вернік прыходзіць у касцёл, ставіць ля абраза свечку, “загадвае жаданне” і адгаворвае “спецыяльныя” малітвы.

Набожнасць нагадвае нейкі рытуал, у якім важна захаваць паслядоўнасць дзеянняў. У адваротным выпадку “жаданне” можа не здзейсніцца. Бог становіцца “залатой рыбкай”, якая спаўняе мары. Падобная сітуацыя адбываецца з людзьмі, якія ходзяць у касцёл з прывычкі: у святыні пануе прыемная атмасфера, там можна сустрэць добрых людзей… Але тут увогуле няма Бога.

Усё не так дрэнна, калі ўзяцца з розумам і прааналізаваць сваю звычку. Гэта павінна дапамагчы паглыбіць адносіны з Усявышнім і напоўніць звычайныя абрадавыя дзеянні насычаным духоўным зместам.

“Здаровая” набожнасць – гэта глыбокая вера ў Бога са строгім захаваннем усіх рэлігійных абрадаў і прадпісанняў. Сапраўдны вернік прытрымліваецца таго, ува што верыць. І робіць гэта не для сябе і другіх, а таму што баіцца пакрыўдзіць Бога. Святасць знешняга ўтвараецца са святасці ўнутранага – любові да праўды і сумленнасці дзеля самой праўды і сумленнасці.

Набожны чалавек пакорлівы. Ён практыкуецца ў малітве, уважліва слухае казанні, аналізуе сваё жыццё ў адпаведнасці з імі, сочыць за сваімі думкамі, словамі і ўчынкамі, рэгулярна прыступае да сакрамантаў, наведвае касцёл. Пры гэтым вернік кіруецца добрай воляй. Набожны чалавек умее ўбачыць у з’явах, істотах і прадметах Усявышняга. Ён узіраецца ў свет, слухае і імкнецца зразумець Яго знакі і падказкі, дзякуючы чаму духоўна ўзрастае.

Моцная набожнасць азначае пастаянную працу над знішчэннем нізкіх схільнасцей, што з’яўляецца самай важнай умовай узыходжання па духоўным шляху. Сапраўдны вернік не бачыць канца гэтага падарожжа, яму заўсёды ёсць да чаго імкнуцца – “дасканаласць не мае межаў”. Набожны чалавек увесь час раўняецца на Бога, прытрымліваецца Яго законаў. Адчувае глыбокую пашану і святое трапятанне перад Творцам. Жывая адданасць Богу вызваляе розум верніка ад турбот і напаўняе яго сэрца радасцю і супакоем.

Набожны чалавек – гэта не той, хто ведае на памяць Біблію, а той, хто сустрэўся з Богам у сваім сэрцы і злучыўся з Ім у адно. Злучыўся настолькі, што не ўяўляе без Усявышняга свайго жыцця. Ён – у цэнтры ўсіх інтарэсаў.

Безумоўна, кожны можа “захварэць”. Але прыемна тое, што ў духоўным жыцці няма невылечных хвароб: на ўсё знойдуцца лекі. Для прафілактыкі рэкамендуецца час ад часу карыстацца тэрмометрам і вымяраць тэмпературу сваёй душы. Што і прапануем Вам зараз зрабіць.

Тэст на вызначэнне стану набожнасці:

1. Ці патрэбны мне доказы існавання Бога?
2. Наколькі я давяраю Усявышняму?
3. Змог бы ўсё аддаць Богу?
4. Ці саромеюся я сваёй веры?
5. Ці супадаюць мае думкі з дзеяннямі?
6. Навошта я малюся?
7. Чаму прытрымліваюся Божых наказаў?
8. З якой мэтай удзельнічаю ў набажэнствах?
9. Як я перажываю літургічны год?
10. У чым бачу сэнс свайго жыцця?

Калі ўколы сумлення дасягалі Вашага сэрца, мажліва, варта над нечым задумацца. Выправіцца ніколі не позна.

Слова Жыцця

для друку для друку