На Серабранцы ў Мінску адбылася пастырская сустрэча духавенства

minsk_spatkannie32У Мінску ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) 19 лістапада адбылася пастырская сустрэча, у якой прынялі ўдзел святары і кансэкраваныя асобы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святую Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Месяц лістапад у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб тых, хто адыйшоў з гэтага свету, таму на Эўхарыстыі ў гэты дзень маліліся за памерлых біскупаў, святароў і кансэкраваных асобаў, якія служылі на тэрыторыі архідыяцэзіі. Тыя, хто быў прысутны на спатканні, дзякаваў ім за распаўсюджванне веры і за тое, што яны мужна баранілі і захоўвалі яе.

Пасля Імшы арцыбіскуп Тадэвуш падзяліўся ўражаннямі ад Сiноду Бiскупаў на тэму сям’i, расказаў пра падзеі, якія будуць адбывацца ў архідыяцэзіі ў бліжэйшы час, а біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB падрабязней пазнаёміў усіх з планам святкавання Года Мiласэрнасцi. Абмяркоўваліся пытанні пра розныя накірункі дзейнасці парафій.

Спатканні святароў і кансэкраваных асобаў адбываюцца штомесяц. Наступная сустрэча будзе аплатковай і пройдзе 22 снежня ў архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Ірына Грэйць, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку