На роварах да Маці Божай Чэнстахоўскай: пілігрымка Салігорск–Чэнстахова

“Ці далёка да Бога?” – спытаецеся Вы. Адкажу: “Не. Усяго 1000 км.” Менавіта такую адлегласць пераадольваюць беларускія пілігрымы, якія ўжо трэці год едуць на роварах з Салігорска ў Чэнстахову. Мы не ведаем, каб хто-небудзь з пілігрымаў Беларусі адважваўся пераадолець такі далёкі шлях на роварах.

Дзякуючы айцу Сабяславу, асноўнаму ініцыятару роварнай пілігрымкі, мы, група парафіян касцёла святога Францішка, вось ужо трэці год маем магчымасць пакутаваць і цярпець, маліцца і спяваць, смяяцца і весяліцца ў пілігрымцы да цудоўнага абраза Маці Божай.

У пілігрымцы ўдзельнічаюць людзі рознага ўзросту, паходжання і заняткаў. У некаторых – свае незвычайныя жыццёвыя гісторыі: нехта выжыў пасля аварыі, нехта вылячыўся ад цяжкіх хвароб…

Кожны дзень на працягу двух тыдняў пачынаецца і заканчваецца супольнай малітвай, кожны дзень мы ўдзельнічаем у святой Імшы, праводзяцца канферэнцыі. Зразумела, ёсць час на спевы, на хвалу Пана Бога і Яго Найсвяцейшай Маці.

Падчас пілігрымкі мы наведваем гістарычныя месцы: касцёлы, кляштары, замкавыя комплексы, музеі. Вельмі запамінальная сустрэча з сястрой з кляштара святой Клары ў Скарынаве, нашай зямлячкай.

Усюды, дзе мы спыняемся на начлег, ці то на падворку ў палатках, ці ў санаторыі, ці ў кляштары, нас сустракаюць шчырыя і адкрытыя людзі, дабразычлівыя гаспадары, якія атуляюць гасціннасцю і ўвагай.

Дарэчы, надвор’е нам не вельмі спрыяе: то невыносная жара, калі асфальт клеіцца ў калёсы, то дождж, які, быццам здзекуючыся з адчайных галоваў, лье нам за каўнер, пранікае ў рукавы, дабіраецца да абутку, то навальніцы. Але гэта можна лічыць выпрабаваннем на шляху да святыні.

Галоўнае наперадзе – сустрэча з Багародзіцай – Маці Божай Чэнстахоўскай. Гэтага спаткання чакаюць усе пілігрымы, таму што ўсе нясуць у санктуарый свае інтэнцыі і просьбы. Бо менавіта тут здараюцца цуды: людзі вылечваюцца ад цяжкіх хваробаў, узмацняюцца духоўна і фізічна. Доказ гэтаму – мыліцы пры алтары або інвалідныя вазкі, якія аказаліся больш непатрэбныя іх гаспадарам, бо яны атрымалі тут такое жаданае аздараўленне.

Тут пакінута шмат сімвалічных сэрцаў — вотаў, якія сведчаць пра адраджэнне чалавечага духу і вялікую ўдзячнасць людзей Маці Божай.

А ў канцы дня мы прымаем удзел у шматтысячным штовечаровым апелі да Маці Божай. Тысячы людзей узносяць да яе свае просьбы і малітвы, і так вольна, святочна пачуваецца ў шматгалосым хоры беларускае слова. Нашай краіне і кожнаму, хто ў ёй жыве, вельмі патрэбна апека Багародзіцы. Яна чакае сваіх дзяцей, каб адарыць патрэбнымі ласкамі.

Спадзяюся, я пераканала Вас у тым, што 1000 км – гэта не так ужо і далёка, асабліва калі гэтую адлегласць складае шлях да Бога.

Ганна Кляменя, парафія святога Францішка
г. Салігорск

для друку для друку