На плошчу св. Пятра даставілі святочную ёлку

23 лістапада на ватыканскую плошчу з польскага Элка прыбыла святочная ёлка.

Гэта масіўнае дрэва вышынёй 28 метраў і максімальнай шырынёй акружнасці каля 10 метраў. Яе ўстанавілі з дапамогай пад’ёмнага крана. Аздобяць ёлку вырабы хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў анкалагічных аддзяленнях італьянскіх клінік.

Святочнае дрэва – гэта юбілейны дар для папы Францішка, падзяка за 25 гадоў існавання новых структур Касцёла ў Польшчы, а таксама за 300-годдзе каранацыі іконы Маці Божай Чэнстахоўскай, 140-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Гетшвалдзе і 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў. 

Ёлка з Польшчы ўстанаўліваецца на плошчы св. Пятра ў другі раз. У 1997 г. яе прывезлі з Закапанэ, дзякуючы за чарговую пілігрымку Яна Паўла ІІ на Радзіму.

Традыцыйныя яслі Божага Нараджэння ў гэтым годзе падрыхтуе бэнэдыктынскае абацтва ў Монтэвэрджынэ, у рэгіёне Кампанія, на поўдні Італіі. 

7 снежня раніцай польская дэлегацыя, прадстаўнікі рэгіёну Кампанія і маленькія творцы будуць прыняты на аўдыенцыі папам Францішкам. У той жа дзень вечарам адбудзецца цырымонія інаўгурацыі ёлкі. Святочная кампазіцыя на галоўнай ватыканскай плошчы застанецца да 7 студзеня, да ўрачыстасці Хросту Пана, якой завяршаецца літургічны перыяд Божага Нараджэння.

Ватыканскае радыё

для друку для друку