- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

На Маладзечаншчыне прайшоў фестываль хрысціянскіх спеваў “Laudato Si”

Падзея адбылася 20-21 жніўня ў парафіі Божага Цела ў Беразінскім. Ідэя правядзення такога фэсту належыць пробашчу парафіі ксяндзу Сяргею Бараўнёву.

probaszcz [1]— Гэта ідэя ўзнікла ў мяне ў мінулым годзе восенню, – кажа святар, – ў мяне даўно была такая мара – арганізаваць музычны фестываль. І тут я падумаў, а чаму б не зрабіць яго тут, у Беразінскім, нягледзячы на тое, што гэта такая маленькая парафія. Калі Бог дазволіў нам пабудаваць тут касцёл, рабіць іншыя добрыя справы, то з Яго воляй атрымаецца і гэты фестываль.

Гэтай ідэяй ён падзяліўся з Андрэем Лугіным, які спявае ў гурце “Laudans”, падчас іх выступу ў Беразінскім. У выніку і нарадзіўся гэты фестываль, а спадар Лугін стаў яго дырэктарам.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі 18 гуртоў і выканаўцаў, прычым гэта былі не толькі католікі, але і праваслаўныя, і пратэстанты.

DSC_7791 [2]

Ксёндз Сяргей прызнаўся, што ад самага пачатку ён хацеў, каб фестываль быў менавіта хрысціянскім у шырокім сэнсе гэтага слова, каб у ім маглі прыняць удзел хрысціяне розных канфесій. Ён разлічваў, што на фэст збярэцца пяць – сем гуртоў, а ў выніку іх аказалася амаль два дзясяткі.

У першы дзень фэсту кожны ўдзельнік прадставіў па дзве песні. Журы, якое складалася з дамініканкі сястры Марыі, якая вучыць спевам, грае на аргане і, наогул, вельмі добра разбіраецца ў музыцы, і выкладчыкаў Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага Веры Каханоўскай і Дзмітрыя Арцімёнка, уважліва праслухала ўсіх удзельнікаў. Завяршыўся першы дзень фэсту спевамі ля вогнішча.

Другі дзень фэсту распачаўся з музычнай канферэнцыі, якую правялі ўдзельнікі гурта “Laudans” Андрэй Лугін і Алёна Палачанская. Яны распавялі пра значэнне музыкі ў жыцці чалавека і ролі касцёла і, наогул, хрысціянства, у яе развіцці.

Пасля музычнай канферэнцыі адбылася канферэнцыя духоўная, якую правяла сястра Марыя. Яна распавяла пра значэнне музыкі і спеваў у духоўным жыцці, а таксама засяродзіла ўвагу прысутных на тым, як важна бескаштоўна рабіць людзям дабро.

Па заканчэнні музычнай і духоўнай канферэнцыі ўдзельнікі фэсту сталі рыхтавацца да святой Імшы.

А вы не былі ў нашай парафіяльнай кавярні? – пытае журналіста “Каталіцкага Весніка” ксёндз Сяргей.

У парафіі ёсць свая кавярня?! – здзіўляюся я, – не, не быў, пакажыце, калі ласка.

Мы з ксяндзом Сяргеем ідзём у кавярню, якая размешчаная насупраць храма.

Кавярня вельмі ўтульная, тут можна выпіць кавы ці гарбаты, паразмаўляць са знаёмымі. І не толькі гэта. Дзеці тут могуць пагуляць у настольны футбол, праводзяцца ў кавярні розныя выставы, канферэнцыі, канцэрты, святкаванне дня народзінаў, нават вяселлі спраўляюць.

Гэты будынак бескаштоўна перадаў нам Белтэлекам, – кажа ксёндз Сяргей Бараўнёў, – мы яго адрамантавалі і ў нас атрымалася такое мультыфункцыянальнае памяшканне. Тут праходзяць у нас розныя мерапрыемствы. Людзі прыходзяць сюды нават для сумеснага прагляду спартыўных праграм. Шмат дзіцячых мерапрыемстваў праводзіцца.

Святая Імша пачалася са спеваў удзельнікаў фэсту. На богаслужэнне сабраліся як удзельнікі фестывалю, так і мясцовыя парафіяне, таму ў храме не было свабоднага месца. Асаблівую прыгажосць Імшы надавалі спевы, якія выконвала моладзь.

DSC_7756 [3]

Яшчэ адной адметнасцю Імшы стала працэсія з дарамі. Большасць дароў складалі музычныя інструменты, якія сімвалізавалі таленты музыкантаў, якія яны прыносілі ў дар Богу.

Пасля Імшы ўдзельнікаў фэсту чакаў смачны абед, прыгатаваны за касцёлам на палявой кухні. Як паведаміў пробашч парафіі, гэтая кухня з’явілася каля касцёла дзякуючы ваенным, а гатаваў абед для музыкантаў не хто-небудзь, а сапраўдны палкоўнік у адстаўцы.

А ўжо пасля абеду удзельнікаў фестывалю і гледачоў чакала галоўная падзея – журы конкурсу аб’явіла пераможцаў.

Як звычайна адбываецца ў такіх сітуацыях, журы назвала пераможцаў не адразу, а каб зацягнуць інтрыгу, спачатку сябры журы сказалі некалькі слоў пра сам фестываль. Выкладчыкі Маладзечанскага музыкальнага каледжа высока ацанілі ўзровень яго ўдзельнікаў, але і выказалі таксама некалькі крытычных заўваг. Зроблена гэта было для таго, каб будучыя фэсты праходзілі на яшчэ вышэйшым узроўні.

Ганаровымі ўзнагародамі фестывалю былі адзначаныя гурты «Эммаус» і «Братка Беларус» з Барысава, «Te Deum» з Мядзеля, «Filii Dei» з Вянца, спявачка Людміла Крукоўская.

hurt Bratka Belarus [4]

Гурт «Братка Беларус»

Другое і трэцяе месца сярод вакалістаў падзялілі Марыя Горадава і Sandrina. А вось першае месца ў гэтай намінацыі не было вызначанае.

Сярод хораў трэцяе месца атрымаў хор “Рэха”, другое – хор “Cantate” са Свіры, а першае месца дасталася хору пратэстанцкай супольнасці “Новае жыццё”.

Сярод гуртоў месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе месца падзялілі гутры “Sound of Faith” і “Паміж 2D”; другое месца занялі гурты “Пілігрымы” і “TheBrothers”; першае ж месца было прысуджанае гурту “Сям’і Буракоўскіх”.

Гэты сямейны гурт складаецца з бацькі – Ігара Буракоўскага і двух сыноў – малодшага Генадзя і старэйшага Сяргея. Дарэчы, гэта сям’я працавала на фестывалі гукарэжысёрамі. Напачатку яны так і планавалі свой тут удзел, а ў апошні момант вырашылі самі паўдзельнічаць.

burakouskija [5]

Гурт “Сям’і Буракоўскіх”

Як сказаў Ігар Буракоўскі: “У нас было шмат працы, мы не паспелі падрыхтавацца, таму напачатку адмовіліся ад удзелу ў фестывалі. Але ў абедзенны перапынак мы парэпетыравалі і потым праспявалі. І ў нас атрымалася.”

Пасля аб’яўлення пераможцаў адбыўся гала-канцэрт, дзе выступілі ўсе пераможцы.

Трэба адзначыць, што ксёндз Сяргей нават гімн напісаў да гэтага фестывалю. Праўда, прызнаецца святар, верш “Малюся за цябе, Беларусь” гімнам стаў зараз, а напісаны быў яшчэ тады, калі ён быў семінарыстам, недзе ў сярэдзіне 90-х гадоў. “З гэтай песняй адбылася цікавая гісторыя. Яна доўгі час была запісаная ў мяне ў сшытку. Але аднойчы, седзячы ля кастра ў коле сяброў, Марыя Скуратовіч і Алёна Унукоўская пачулі ад мяне гэту песню і сталі мяне прасіць, каб я дазволіў яе выконваць ім, каб яе шырэй распаўсюдзіць”. Так дзякуючы ім гэта песня стала вядомай.

Гэту песню напрыканцы фестывалю выканалі разам і ўдзельнікі, і гледачы. 

А завяршыў фестываль канцэртам хрысціянскага гурта “Carpen Diaz” з Магілёва. Гэты гурт спалучыў у сваім выступе і музыку, і малітву, і разважанні.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Відэарэпартаж з музычнага фестывалю хрысціянскай песні ў Беразінскім [22]>>