На Лепельшчыну прыбыў абраз святой Барбары

Значнай падзеяй для вернікаў Лепельшчыны стаў прыезд у нядзелю 5 ліпеня ў касцёл Святога Казіміра абраза святой Барбары.

У чаканні…

Загадзя парафіяне рыхтаваліся да гэтага дня – не толькі духоўна, праз малітвы, а і фізічна. У атмасферы адзінай сям’і і лучнасці прыбіралі ў касцёле і на тэрыторыі каля яго. Не абышлося і без упрыгажэння храма – паўсюдна былі кветкі.

Тэрыторыя ля святыні таксама прываблівала сваёй прыгажосцю. Якраз у гэты час расквітнелі пышныя ружы, што надало духоўнаму мерапрыемству яшчэ большай урачыстасці.

Хочацца адзначыць, што абраз у Лепелі сустракалі не толькі мясцовыя католікі, але і праваслаўныя. Некалькі жанчын, якія рэгулярна наведваюць праваслаўную царкву, прыйшлі, каб у сумеснай малітве папрасіць святую Барбару ў перыяд пандэміі дапамагчы ў барацьбе з хваробай.

Аказваецца, святая велікамучаніца аднолькава глыбока шануецца хрысціянамі абедзвюх канфесій.

У гэты дзень у касцёле была асаблівая атмасфера. Здавалася, што і паветра прасякнута ўзнёслым настроем і душэўным спакоем.

Ікону з пашанаю ўнеслі ў касцёл пробашч ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Твары прысутных свяціліся зычлівымі ўсмешкамі. У гэтым месцы заўсёды пануе асаблівая, сямейная, атмасфера, бо вернікі добра ведаюць адзін аднаго, шмат гадоў разам звяртаюцца да Бога ў сваіх малітвах.

Святая Імша

Потым з гэтай цудоўнай нагоды адбылася святая Імша. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў пастыр дыяцэзіі разам з пробашчам парафіі, а Божае слова прамовіў біскуп Алег. Усе разам маліліся за Лепельскую парафію, а таксама за ўсю Віцебскую дыяцэзію, каб Усемагутны Бог апекаваўся ўсімі намі і нашымі роднымі.

На ўрачыстасці таксама прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады – старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка.

Міхаіл Леанідавіч адзначыў, што для лепяльчан касцёл Святога Казіміра з’яўляецца не толькі помнікам архітэктуры, а намоленым стагоддзямі месцам, дзе просьбы кожнага будуць пачутыя.

“Прыемна, што Лепельшчына неаднаразова станавілася месцам паломніцтва хрысціянскіх святынь. Вось і сёння мы маем магчымасць пакланіцца абразу святой Барбары, аднолькава шанаванай як католікамі, так і праваслаўнымі. Святая пакутніца абараняе ад хвароб. Веру, што яна дапаможа нам пераадолець складанасці цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі.

Хачу выказаць падзяку рыма-каталіцкай царкве Беларусі, якая спрыяла аднаўленню гэтай святыні, ксяндзу Уладзіміру за тое, што паломніцтва святой Барбары праходзіць і па Лепельскай зямлі, парафіянам, якія ва ўсе часы застаюцца добрымі хрысціянамі і памочнікамі ксяндза не толькі ў справах духоўных, але і свецкіх. Тэрыторыя ля касцёла, якая знаходзіцца ў адным з маляўнічых месцаў Лепеля, заўсёды цешыць вока, і гэта ваша заслуга, ваша праяўленне любові да Бога і роднай зямлі…”— адзначыў кіраўнік раёна.

На працягу ўсёй Імшы прысутныя таксама акунуліся ў свет арганнай музыкі, якая ў касцёле Святога Казіміра гучыць асабліва прыгожа, настройвае на разважанні і ў той жа час надае ўрачыстасці.

Гісторыя стварэння

Некалькі слоў хочацца сказаць пра сам абраз. Выканаў яго знакаміты брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч. Гэтае імя для многіх знаёмае, бо майстар аднаўляў Крыж Еўфрасінні Полацкай. Вобраз зроблены ў класічнай чаканцы і мае асаблівасць у тэхніцы выканання. У танюткіх «залатых» перагародках, якія мы не зможам убачыць простым вокам, выкарыстана шматлікая палітра французскай эмалі.

Да святой Барбары звычайна спасылаюць малітвы ў цяжкія хвіліны: пры шматлікіх хваробах, каб пазбегнуць раптоўнай смерці, падчас розных пандэмій. Лічыцца, што нават пабыць каля гэтай рэліквіі — ужо значыць прычасціцца.

Гарады Санта-Барбара, названыя ў гонар святой, маюцца ў такіх краінах, як Аргенціна, Бразілія, Іспанія, Мексіка і іншых. Гэта яскрава ўказвае на глыбокае шанаванне святой ва ўсіх кутках свету.

У гутарцы пасля Імшы біскуп Алег адзначыў, што за кароткі час існавання абраз наведаў ужо шмат касцёлаў і праваслаўных цэркваў нашай краіны. Узнік ён на хвалі цяперашняй сітуацыі пандэміі і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў хрысціян.

І хоць паўстаў абраз на Брэстчыне, асвячоны ён у касцёле Святой Барбары ў Віцебску біскупам Алегам Буткевічам.

На працягу двух тыдняў любы вернік можа пакланіцца абразу святой Барбары, які выстаўлены ў касцёле Святога Казіміра. Таксама абраз наведае ўсе праваслаўныя храмы Лепеля.

Наталля Храпавіцкая

для друку для друку