На колькі можна спазніцца на святую Імшу?

На колькі дазваляецца спазніцца на Імшу, калі гаворка ідзе пра нядзельнай святую Імшу? Можна прыступаць да Камуніі, калі прыйшоў на «Хвала на вышынях» ці пазней? У якіх выпадках можна прыступіць да Камуніі ў нядзелю і ў будні дзень, калі чалавек спазніўся на Імшу? Калі можна лічыць, што Служба Божая скончылася? Бо вельмі часта настаяцелі пасля Эўхарыстыі робяць выстаўленне, і калі вернікі не застаюцца на малітву, то не атрымліваюць бласлаўленне. Выкарыстоўваецца прыём: «вы застаньцеся на выстаўленне, а інакш святая Імша будзе несапраўднай». Можа святар не завяршыць Эўхарыстыі і, фактычна падчас літургіі, весці іншы малебен — літанію, каронку і г.д.? Ці можна чытаць дадатковыя, «свае», малітвы падчас Эўхарыстыі?

Адказвае кс. Віталь Слабадзян СР, доктар пастаральнага багаслоўя:

— Варта адзначыць, што працэсія галоўнага целебранса да алтара ў суправаджэнні літургічнай службы — гэта ўжо частка святой Імшы. Калі хто прыйшоў, напрыклад, ужо на чытанне, то што ж тады: Акт пакаяння і гімн «Хвала на вышынях» ён дарогай памаліўся, ці як? Заканчваецца Эўхарыстыя таксама працэсіяй, г.зн. песня «на выхад» — гэта таксама частка Літургіі. Вернікі абавязаны да поўнага ўдзелу ў святой Імшы. Святая Імша — гэта нешта цэласнае. На колькі дазваляецца спазніцца на Службу? Мы хочам, каб нам далі канкрэтны адказ. Але адзін адказ не падыходзіць да кожнай сітуацыі. Чыста «юрыдычна» пытанне ставіць нельга. Бо чалавек можа спазніцца на святую Імшу па розных прычынах: хтосьці затрымаўся, таму што дапамагаў рабіць дабро, цi здарылася нешта непрадбачанае (паламаўся аўтобус), а хтосьці проста праспаў, бо не здолеў запланаваць свой час. У першай сітуацыі можна прыняць Эўхарыстыю; затое ў сітуацыях, калі «ўступае ў гульню» лянота, — варта задумацца, ці трэба прыступаць да Камуніі. То бок, калі нейкія сапраўды аб’ектыўныя прычыны, у сілу якіх чалавек спазняецца ці выходзіць раней са святой Імшы, ён можа гэта зрабіць.

Памятаю старое правіла, так вучылі мяне яшчэ падчас падрыхтоўкі да Камуніі: каб прыняць Камунію, у будні дзень трэба прыйсці хоць бы на «Ойча наш …»; у нядзелю — на чытанне Евангелля. Але паўтараю: трэба звяртаць увагу не на частку святой Імшы, а на маральны стан, прычыны спазнення.

Калі гаворка ідзе пра дадатковыя набажэнствы, якія часта адбываюцца пасля святой Імшы, то варта сказаць, што ў заходняй традыцыі існуе магчымасць спалучаць набажэнствы без паўтарэння пэўных элементаў. То бок, калі непасрэдна пасля Імшы адбываецца выстаўленне Найсвяцейшых Дароў, святар ужо не бласлаўляе народ на заканчэнне Імшы, бо за некалькі хвілін ён бласлаўляе Найсвяцейшым Сакрамантам на заканчэнне набажэнства. Напрыклад, падчас парафіяльнага адпусту пасля Эўхарыстыі адбываецца ўрачыстая працэсія вакол храма, спяваецца гімн «Те Deum», толькі потым адбываецца бласлаўленне, якое завяршае Імшу. Гэтага няма ва ўсходняй традыцыі: там кожнае богаслужэнне мае «пачацца» і «скончыцца», нават калі ідзе адзін за адным.

Акрамя таго, калі набажэнствы кароткія, то вядома, што ўдзельнікі Імшы і так на ім застануцца, таму няма неабходнасці бласлаўляць іх двойчы. А калі святар бачыць, што малебен будзе доўгім, ён можа завяршыць Імшу благаслаўленнем, пераапрануцца да выстаўлення, пакуль людзі будуць спяваць песню, вярнуцца і правесці набажэнства. Варта сказаць, што адсутнасць канчатковага благаслаўлення не робіць Імшу несапраўднай. То бок, калі існуе аб’ектыўная прычына, чалавек можа выйсці і не заставацца на набажэнстве. Але зноў жа, пытанне: чаму я выходжу? Таму што так складваюцца абставіны і іншай магчымасці няма, ці мне проста сумна. Калі тое другое, то, магчыма, варта нешта з гэтым зрабіць! Варта спытаць сябе: чаму мне так цяжка застацца на тых дадатковых 15-20 хвілін у святыні? Варта перажыць гэты час у духу падзякі Хрысту, якога мы прынялі ў сваё сэрца. Трэба таксама памятаць, што ўсе набажэнствы і малітвы выцякаюць з Эўхарыстыі і да яе вядуць.

Я ўжо сказаў: вернік павінен быць удзельнікам Літургіі — гаварыць малітвы, спяваць і слухаць, калі надыходзіць адпаведны момант. Гэта таксама важны намер нашага ўдзелу і прысутнасці на святой Імшы. Калі гаворка ідзе пра Сакрамант Эўхарыстыі, то ён можа адбывацца ў цішыні (тады трэба прачытаць прадугледжаны для гэтага дня антыфон); можна спяваць або чытаць адпаведную па зместу малітву. Гэта самае тычыцца падзякі пасля Камуніі. Тут таксама дазваляецца спяваць ці чытаць малітву. Цікава, што касцельныя правілы не прадугледжваюць нават адной паставы цела падчас падзякі пасля Камуніі: можна кленчыць, можна сядзець, можна дзякаваць стоячы.

Гэта, так кажучы, час і месца для нашай крэатыўнасці. Бо часта здараецца так, што там, дзе можна, мы гэтай творчасці не праяўляем; і наадварот — там, дзе Касцёл прадугледжвае пэўныя паставы ці малітвы, мы пачынаем праяўляць творчасць.

Паводле credo.pro
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку