- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

На Глыбоччыне аднавілі прыдарожны крыж

[1]1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч асвяціў адноўлены крыж каля вёскі Прыпернае і новы крыж у горадзе па вул. Чыгуначнай.

Вельмі цікавая гісторыя адноўленага прыдарожнага крыжа. Ёй з чытачамі падзяліўся глыбоцкі парафіянін Генадзь Бервячонак, які і стаў ініцыятарам аднаўлення: “Год назад, калі вяртаўся з Мінску, заўважыў знаёмых людзей ля ўскрайку дарогі ў бярозах, якія нешта рабілі. Спыніў машыну і падышоў. Аказалася, мясцовая жыхарка Юзэфа Шарабайка і глыбоцкі міністрант Тадэвуш Ткачонак прывязвалі кветкі да старога крыжа, які быў прывязаны і падпёрты да дрэў. Колькі год езджу гэтай дарогай – ніколі не бачыў крыжа”. Прайшоў некаторы час і Генадзь вырашыў даведацца гісторыю гэтай “гісторыі”. Патэлефанаваў знаёмай Юзэфе, якая і сама жывучы ўвесь час у Прыперным, ведала, што крыж стаіць, але на гэтым і ўсё. Праз пяць месяцаў спадарыня Юзэфа распавяла, што пачала апрошваць мясцовых жыхароў і даведалася гісторыю.

На цяперашнім кукурузным полі, пасля вайны былі могілкі, дзе хавалі салдат, а на магілах ставілі простыя драўляныя крыжы і быў адзін вялікі драўляны, збіты з двух неапрацаваных бэлек. Ішоў час, савецкая ўлада зруйнавала гэтыя могілкі, маленькія крыжы згнілі, а вялікі крыж застаўся ляжаць на зямлі. Гадоў 15 назад трое мясцовых жыхароў паднялі гэты крыж, паставілі і прывязалі яго да бярозак.

[2]

«Распавёўшы ўсю гэты гісторыю Глыбоцкаму пробашчу, вырашылі аднавіць гэты крыж, а менавіта са старога выразаць маленькі крыжык і прымацаваць старымі цвікамі і фігуркай да новых бэлек», — кажа Генадзь.

Хочацца адзначыць і той факт, што гэтая праца аб’яднала людзей многіх канфесій: католікі з Прыпернага збіралі грошы, крыж рабіў вернік царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў Вячаслаў Дзімітровіч, а ўстанавілі яго праваслаўныя працаўнікі з майстэрні “У ажуры”.

[3]

Дзякуй Богу, што на Глыбоччыне аднаўляюць старыя і ўстанаўліваюць новыя крыжы, нягледзячы на тое, што ў Еўропе цяпер распрадаюць святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Фота старога крыжа з архіва Генадзя Бервячонка