На Глыбоччыне праходзіць акцыя «У абарону жыцця»

glybokae_tydzien_zhyccie3013 кастрычніка ў Глыбокім стартавала акцыя «У абарону жыцця», якая працягнецца да 20 кастрычніка. Галоўная мэта – сфарміраваць у моладзі станоўчае стаўленне да сямейных каштоўнасцяў.

У раённай акцыі прымаюць удзел дактары і святары каталіцкай і праваслаўнай канфесіі. Асноўная аўдыторыя – старшакласнікі школ і навучэнцы Глыбоцкага дзяржпрафліцэя.

17 кастрычніка святары наведалі першую і другую гарадскія школы, дзе з прамовамі звярнуліся да старшакласнікаў. Праваслаўны святар Сяргей Грамыка асобна спыніўся на тэме сям’і і мацярынства, а каталіцкі ксёндз Мікалай Ціхановіч засяродзіў увагу моладзі на тэме «Сексуальнасць у хрысціянскім светапоглядзе».

glybokae_tydzien_zhyccie20

«На самай справе гэта нейкая праблема – казаць пра секс і хрысціянства – перш за ўсё таму, што ў нашай культуры з ужо вызначанай хрысціянскай традыцыяй, размовы пра секс не віталіся ў царкоўных і рэлігійных колах. У словах Езуса, якія дайшлі да нас, на самай справе на гэту тэму гаворыцца вельмі мала. І тым не менш пытанні сексуальнага паводзінаў і маралі працягваюць турбаваць не толькі царкоўных іерархаў, але і ў цэлым усё наша грамадства», – адзначыў кс. Мікалай.

glybokae_tydzien_zhyccie16

У школах была прадстаўлена выстава «Ратуй узятых на смерць», арганізаваная Каардынацыйным Цэнтрам абароны жыцця і сямейных каштоўнасцяў «Зараджэнне» Полацкай епархіі.

glybokae_tydzien_zhyccie15

Экскурсавод Ірына Кісялёва паказвае памеры дзіцяці, які можа быць забіты падчас аборту

18 кастрычніка адбылося спатканне навучэнцаў Глыбоцкага дзяржпрафліцэя з дырэктарам дабрачыннага фонду ў абарону жыцця і сямʼі «Адкрытыя сэрцы» Іванам Пузанавым, які прадэманстраваў тэматычную выставу «Два шляхі» з 20 рол-стэндаў. На стэндах прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету, трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі. Стэнды арыентуюць слухачоў на цнатлівасць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе.

glybokae_tydzien_zhyccie24

Сустрэча ў дзяржпрафліцэі

Потым адбылася сустрэча з працоўнымі жанчынамі ў Гарадскім цэнтры культуры, дзе для іх была арганізаваная выстава і падрыхтаваная мультымедыйная прэзентацыя «Прыгажосць мацярынства».

glybokae_tydzien_zhyccie37

Акцыя «У абарону жыцця» працягваецца. Святары з прадстаўнікамі сферы аховы здароўя наведваюць навучальныя ўстановы і сустракаюцца з маладымі людзьмі. На заканчэнне акцыі, 20 кастрычніка адбудзецца круглы стол, дзе арганізатары мерапрыемства разам з выступоўцамі падвядуць вынікі і абмяркуюць асноўныя пытанні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку