На Глыбоччыне адбудзецца вечар памяці, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння кс. Ёзаса Булькі

27 снежня 2015 года пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння кс. Ёзаса Булькі, каталіцкага святара, былога пробашч касцёла Святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Праграма:

13.00-14.00 – святая Імша-падзяка Богу за дар святарства Ёзаса Булькі (касцёл Святой Ганны, в. Мосар).
14.30-16.00 – “Ёзас Булька: пропаведзь даўжынёй у жыццё” — вечар памяці прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння святара (Цэнтр культуры, аг. Удзела Глыбоцкі р-н).

Ёзас Булька (1925 — 9 студзеня 2010) каля 20 гадоў служыў у парафіі ў в. Мосар.

Кс. Булька стаў шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як прапагандыст здаровага ладу жыцця. Святар выступіў ініцыятарам стварэння шэрагу аб’ектаў, якія зрабілі Мосар турыстычнай меккай: антыалкагольны музей, Алея цвярознікаў. Дзякуючы святару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак перасталі злоўжываць алкаголем. Ёзас Булька шмат чаго зрабіў для добраўпарадкавання Мосара: па яго ініцыятыве ў вёсцы быў створаны Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, перад касцёлам узведзены помнік Яну Паўлу II.

У 2005 годзе Ёзас Булька стаў першым беларускім каталіцкім святаром, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне». У 2006 годзе ўказам прэзідэнта кс. Булька быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за ўмацаванне духоўных каштоўнасцей і прапаганды здаровага ладу жыцця.

для друку для друку