На Філіпінах ахрысцяць 450 дзяцей вуліцы

Ці павінны католікі плаціць за прыняцце сакрамантаў? Касцёл на Філіпінах мае намер пратэставаць супраць гэтай шырокай (і памылковай) практыкі, якая існуе менавіта ў іхняй краіне, ахрысціўшы ў Маніле 450 дзяцей вуліцы.

Кардынал Луіс Антоніо Тагле, мітрапаліт Манілы, пры падтрымцы Фонду «Мост для дзяцей» удзеліць Сакрамант Хросту маладым філіпінцам. За апошнія 12 гадоў гэты фонд дапамог больш за 55 000 дзяцей, у тым ліку Дарвіну Рамасу (1994-2012), дзіцяці вуліцы, які жыў у бедным квартале Пасай у Маніле і працэс беатыфікацыі якога распачала дыяцэзія Кубао.

Як паведамляе архідыяцэзія Манілы, ініцыятыва масавага хросту дзяцей нарадзілася з таго, што ў бедных кварталах людзі перакананыя, нібы за прыняцце сакрамантаў патрэбна плаціць.

Дарвін Рамас не хадзіў у школу, і ён з малодшай сястрой збіраў пластыкавае смецце на вуліцах, дапамагаючы ўтрымліваць сям’ю. Калі ён больш не мог гэтага зрабіць, бо захварэў на дыстрафію мышц (сіндром Дзюшэна), бацька насіў яго на суседнюю станцыю метро Лібертад, каб хворы хлопчык прасіў міласціну. За атрыманыя сынам грошы ён часта купляў сабе выпіўкі.

Калі Дарвіну было 12 гадоў, яго заўважылі ў метро валанцёры Фонду «Мост для дзяцей», які з 1998 года займаецца выхаваннем дзяцей вуліцы ў Маніле па ініцыятыве французскага місіянера а. Мацье Дашэза. Хлопчыка забралі ў фонд у Кесон-сіці, і там ён «адкрыў міласэрную любоў Бога». Ён прыняў хрост, бежмаванне і Першую Камунію. З таго часу вера стала яго сілай змагацца з хваробай, якую ён назваў сваёй місіяй. Яго сябры, былыя дзеці вуліцы, чулі, як ён казаў «дзякуй» і «я цябе кахаю». Ён няспынна давяраў Езусу.

Апошні тыдзень жыцця, праведзены ў дзіцячай бальніцы ў Кесоні, быў адзначаны велізарным фізічным болем. Агонія Дарвіна была яго духоўнай барацьбой («Я змагаюся з д’яблам», — казаў ён). У той жа час ён не пераставаў гаварыць пра дараваны Богам мір і дзякаваць тым, хто клапаціўся пра яго.

Дарвін Рамас памёр 23 верасня 2012 года, яму не было і 18 гадоў. Яго Эксцэленцыя Анеста Антыока, ардынарый дыяцэзіі Кубао, распачаў намаганні наконт беатыфікацыйнага працэса хлопчыка, па просьбе Таварыства сяброў Дарвіна Рамоса. «Дарвін — прыклад святасці. Будучы дзіцём вуліцы, хворы на міяпатыю, ён таксама быў цесна звязаны з Хрыстом у яго пакутах і радасцях», — сказаў іерарх, дыяцэзія якога ахоплівае прадмесці Манілы.

У чэрвені гэтага года Ватыканская кангрэгацыя па кананізацыі пагадзілася пачаць працэс беатыфікацыі Дарвіна Рамаса.

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле Сredo.pro

для друку для друку