- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

На Докшыччыне праз адпачынак і разважанні вучылі дзяцей супрацьстаяць злу

[1]2 сакавіка больш за 30 дзяцей і падлеткаў з Бягомльскай, Бярозаўскай, Докшыцкай парафій і ДУА “Бягомльская дапаможная школа-ітэрнат” сабраліся на тэрыторыі паляўнічага комплексу “Гарадзенка” Бягомльскага лясгаса, каб разам адпачыць і паразважаць над тэмай “Небяспека знявольванняў”.

Аднадзенныя рэкалекцыі былі арганізаваныя а. Тадэвушам Кавальскім OFMCap і c. Маргарытай Аўгустын ASC, дапамогу ў рэалізацыі запланаванай праграмы аказалі настаўніца Алена Гігола, парафіянка з Докшыц Наталля Дабравольская, выхавацельніца Бягомльскай школы-інтэрнат Таццяна Дземідовіч і рэабілітанты Бягомльскага Цэнтра “Светач”.

Сучасныя дзеці і моладзь шмат ведаюць пра пагрозы алкагольнай, тытунёвай, камп’ютэрнай залежнасцей, але рэдка задумваюцца над тым, як пазбегнуць гэтых праблем ва ўласным жыцці. Удзельнікам рэкалекцый было прапанавана паразважаць над прычынамі ўзнікнення і спосабамі барацьбы з такімі знявольваннямі як алкагалізм, тытунёвая і інтэрнэт залежнасці, крадзеж.

Праз вырашэнне інсцэніраваных праблемных сітуацый, удзел у практыкаваннях “як адмовіцца?”, “вучымся казаць “НЕ”, разважанне Евангелля аб аздараўленні жанчыны (Лк 13, 10-13) і аздараўленні сляпога ля Ерыхона (Мк 10, 46-52), гутарку і малітву дзеці асэнсоўвалі глыбіню праблем і вучыліся, давяраючы Богу, знаходзіць альтэрнатыву “модным”, але небяспечным паводзінам.

[2]

Месца правядзення рэкалекцый было выбрана невыпадкова. Нават вясковыя дзеці больш часу праводзяць у памяшканнях: у школе, дома, за выкананнем дамашніх заданняў, у гаджэтах,усе радзей бываючы на прыродзе. Забавы і гульні на свежым паветры сталі неад’емнай часткай адпачынку з Богам.

Безумоўна, такія выязды патрэбны дзецям. Час, праведзены з Богам і сябрамі, напаўняе фізічнымі і духоўнымі сіламі для штодзеннай барацьбы са спакусамі.

Наталля Дабравольская