На чым палягае заступніцтва святых?

 637406_800pxVatican_StPaul_Statue_34“Мой сябра крытыкуе Касцёл за пакланенне святым. Я яму спрабаваў тлумачыць, на чым палягае заступніцтва святых, але ў мяне не хапае аргументаў. Ці не маглі б вы ўказаць на тэксты ў Св. Пісанні пра заступніцтва святых? Чаму мы звяртаемся да іх па дапамогу? Дзякуй!” Павел

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Св. Пісанне рашуча забараняе аказваць каму-небудзь пакланенне і служэнне, акрамя адзінага праўдзівага Бога, але ўвогуле не забараняе аддаваць належную пашану верным слугам Бога так, каб уся хвала адносілася да Яго ж Адзінага, як “дзіўнага ў святых Сваіх” (Пс. 67, 36).

«Вось адгэтуль бласлаўляць Мяне будуць усе роды» (Лк. 1, 48). Здзяйсняючы гадавы цыкл таінстваў Хрыста, Святы Касцёл з асаблівай любоўю ўшаноўвае блаславёную Дзеву Марыю, Маці Божую, Якая непарыўна звязана са збаўчай справай свайго Сына. Ёю Касцёл захапляецца і Яе ўзносіць як найвышэйшы плод Адкуплення, і ў Ёй як у найчысцейшым адлюстраванні Касцёл з радасцю спаглядае тое, чым сам ён цалкам прагне, і спадзяецца быць.

У Новым Запавеце Сам Хрыстос сведчыў Сваім вучням: “Хто вас прымае – Мяне прымае, а хто Мяне прымае – прымае Таго, хто Мяне паслаў” (Мт. 10, 40), паказваючы, што пашана, аддаваная верным слугам Яго і сябрам, адносіцца да Яго Самога.

Апостал Павел таксама гаворыць: “Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Слова Божае і, сочачы за ходам іхняга жыцця, будзьце іхнімі пераймальнікамі ў веры” (Гбр. 13, 7). Калі Касцёл у гадавым цыкле памінае мучанікаў і іншых святых, ён абвяшчае Пасхальную таямніцу ў тых, хто пакутаваў з Хрыстом і праслаўлены з Ім, прапаноўваючы вернікам іх прыклад, які ўсіх прываблівае праз Хрыста да Айца, а праз іх заслугі вымольвае ласку Божую. Мы ўшаноўваем памяць жыхароў Неба не толькі дзеля іх прыкладу, але яшчэ больш дзеля таго, каб еднасць усяго Касцёла ў духу ўмацоўвалася праз братнюю любоў. Бо як зносіны паміж хрысціянамі на зямлі набліжаюць нас да Хрыста, так і зносіны са святымі яднаюць нас з Хрыстом.

У раннехрысціянскім творы “Мучаніцтва Палікарпа” чытаем: “Хрысту мы пакланяемся, бо Ён ёсць Сынам Божым; мучанікаў жа мы любім як вучняў і пераймальнікаў Госпада, што і правільна ў сілу іх непараўнальнай адданасці свайму Цару і Настаўніку”. “Памяць пра праведнага блаславёная будзе, а імя бязбожных зганьбіцца” (Прып. 10, 7).

З ушанаваннем святых звязана таксама ўшанаванне іх мошчаў. Святы Рыгор Багаслоў сведчыў: “Святыя мучанікі праслаўляюцца вялікімі ўшанаваннямі і святкаваннямі, яны праганяюць дэманаў, лечаць хваробы, яўляюцца, прамаўляюць; самыя целы іх, калі да іх дакранаюцца і ўшаноўваюць іх, столькі ж дзейнічаюць, як святыя душы іх; нават кроплі крыві і ўсё, што носіць на сабе сляды іх пакутаў, гэтак жа дзейсныя, як іх целы”. Падобны прыклад маем у Св. Пісанні: “І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год. І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае” (4 Цар. 13, 20-21).

Як сведчыць Святое Пісанне, габрэі ўшаноўвалі мошчы праведнікаў захоўваннем іх і пабудовай над імі помнікаў і грабніцаў (Быц. 35, 20; Вых. 13, 19; Мц. 23, 29). У Дзеяннях апосталаў расказваецца пра выкарыстанне хустак і паясоў з цела апостала Паўла для лячэння хвароб і выгнання злых духаў: “І Бог чыніў таксама цуды праз рукі Паўла, так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх ды выходзілі ліхія духі” (Дз. 19, 11-12).

Пра ўшанаванне мошчаў святых 7-мы Сусветны сабор сцвярджае: “Госпад наш Ісус Хрыстос дараваў нам мошчы святых як збаўчыя крыніцы, якія выліваюць дабрадзействы на немачных. Тыя, што асмеліліся адкідаць мошчы мучанікаў, пра якія яны ведалі, што яны сапраўдныя і праўдзівыя, калі гэта біскупы або клірыкі, – няхай будуць выключаныя з сану, а калі манахі і свецкія, – няхай будуць пазбаўленыя прычашчэння!”

для друку для друку