4 кастрычніка адбылася адпустовая ўрачыстасць у парафіі св. Францішка ў раёне в. Копішча.
А 13-й гадзіне вернікі сабраліся каля падмурка будучага касцёла ў раёне в. Копішча — Новая Баравая, дзе парафіянамі быў клапатліва падрыхтаваны часовы алтар для адпраўлення святой Імшы.
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў новы пробашч парафіі св. Францішка бр. Арыюш Малыска OFM Cap. У канцэлебры таксама ўдзельнічалі бр. Алег Шэнда OFM Cap і бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap.
Незвычайныя ўмовы літургічнай цэлебрацыі, а таксама самалёты і парашутысты не перашкодзілі ўдзельнікам глыбока і ў духу хрысціянскага адзінства перажыць гэтае свята.
На заканчэнне св. Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій св. Францішка, а пасля гэтага ўдзельнікі былі запрошаны на шчодры пачастунак, які падрыхтавалі актыўныя парафіяне.
Бр. Яраслаў Крыловіч
для друку