«Мяне не дапускаюць» ці «я не захацела»?

marynistykaІснуюць тысячы падставаў трываць у граху, і толькі адна для навяртання: воля Божая.

Напісала мне жанчына: «Я знаходжуся ў другім шлюбе і шкадую аб тым, што не магу прыступіць да Святой Камуніі». Затым яна абгрунтавала, чаму застаецца ў гэтым другім шлюбе, бо першы — «быў кашмарам», таму што трэба годна выхоўваць дзяцей, таму што гэты другі чалавек хворы. Затым яны выклала перавагі цяперашняга стану, пасля чаго зацвердзіла: «Мы кожную нядзелю ходзім на Імшу, і нам так становіцца шкада, што іншыя прыступаюць да Святой Камуніі, а мы не можам». Аўтар заканчвае выразам: «Лічу, што Езус быў бы па маім баку».

Гэта толькі адзін з некалькіх падобным чынам напісаных лістоў, якія я атрымаў у апошні час. Прыводжу яго ўрыўкі, таму што яны добра ілюструюць сутнасць праблемы. Пачнем з таго, што не фізічнае растанне з мужам адняло магчымасць для аўтара ліста прыступаць да Камуніі, але яе ўласнае, свабоднае рашэнне. Чалавек нярэдка, нягледзячы на ​​ўсе намаганні, не можа прадухіліць распаду сакрамэнтальнага саюза мужа і жонкі, але ніхто не вымушаны ўваходзіць у новую сувязь — а толькі гэта замыкае доступ да сакрамэнтаў. Гэта заўсёды адбываецца свядома і дабравольна; а гэта значыць, што выбар жыцця без прыняцця Езуса Эўхарыстычнага гэтак жа свядомы і дабравольны.

Калі дадзенае слова яшчэ мае штосьці азначаць у гэтым свеце, то гэта напэўна слова, дадзенае падчас шлюбу. Між тым рэдка хто шкадуе, што парушыў шлюбную прысягу. Аўтар ліста перажывае над тым, што не можа прыступіць да Камуніі, а не над уласным рашэннем, якое да гэтага прывяло. Яна спрабуе апраўдацца, паказваючы на ​​карысць, якая выцякае з гэтага рашэння. Гэта не шкадаванне за грэх, а абгрунтаванне нявернасці. Жаль з’яўляецца тады, калі «іншыя прыступаюць да стала Госпада, а мы не». Пытанне, ці тут гаворка ідзе пра Езуса, ці пра тое, каб не адставаць ад іншых? Таму што калі пра Езуса, то — па меншай меры, у выпадку гэтай жанчыны — справу можна вырашыць імгненна: рашэнне разысціся, споведзь — і ўжо можна прымаць Святую Камунію.

Мужчына з прыпавесці, які знайшоў вялікую жамчужыну, захапіўся ёю настолькі і, каб яе купіць, прадаў ўсе малыя жамчужыны. Сёння людзей пераконваюць, што можна мець і вялікую жамчужыну, і малыя; што можна адначасова жыць у асвячальнай ласцы і ў граху; што можна адначасова і займацца пралюбадзействам, і трываць у вернасці.

Але не. Кожны хрысціянін на нейкім этапе жыцця становіцца перад пытаннем, якое пачуў ад Езуса Пётр: «Ці любіш Мяне БОЛЬШ …» Часам гэта азначае неабходнасць выбару паміж Езусам і чалавекам, які мне спадабаўся.

Хто паддаецца спакусе і выбірае чалавека — ведае, што не зможа паяднацца з Езусам у Святой Камуніі. Ну і адкуль гэтыя прэтэнзіі? Касцёл не мае ўлады пагадзіцца на Камунію для людзей, якія сваімі дзеяннямі пацвярджаюць, што для іх нехта іншы важней за Езуса.

«Лічу, што Езус быў бы па маім баку», — напісала аўтар ліста. Ну але менавіта тое самае Езус сказаў: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць» (Мк 10, 11-12).

Бог любіць «несакрамантальных». Таму Ён таксама і іх заклікае да навяртання.

Францішак Кухарчак

Паводле CREDO са спасылкай на Gość Niedzielny

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі